Валерыі Касцюговай і Таццяне Кузінай прысудзілі па 10 гадоў калоніі агульнага рэжыму (такі тэрмін і патрабаваў пракурор). Іх прызналі вінаватымі па трох артыкулах: "захоп ўлады", "шкода нацыянальнай бяспецы" і "распальванне варожасці".
Касцюгова — палітолаг, заснавальніца і рэдактарка сайта экспертнай супольнасці "Наше мнение", рэдактарка і аўтарка "Беларускага штогодніка", кіраўніца групы экспертаў па маніторынгу "Беларусь у фокусе". Яна знаходзіцца за кратамі з 30 чэрвеня 2021 года.
Кузіна — сузаснавальніца школы маладых менеджараў публічнага адміністравання Sympa, экспертка даследчага праекта bipart. Яе затрымалі ў Мінску ўначы з 28 на 29 чэрвеня 2021 года.
Праваабаронцы прызналі іх палітзняволенымі.
Суд праходзіў з 6 лютага ў Мінскім гарадскім судзе.