Вы тут

Ва Украіне загінуў яшчэ адзін беларус — Канстанцін Дзюбайла

Канстанцін Дзюбайла / Фота з сацсетак

Ва Украіне загінуў яшчэ адзін беларус — Канстанцін Дзюбайла. Пра гэта яшчэ ў канцы красавіка ў Facebook напісала ўкраінская добраахвотніца Галіна Клемпоўз, але беларускія СМІ даведаліся толькі цяпер. Дзюбайла служыў у 46-м асобным батальёне спецыяльнага прызначэння "Данбас — Украіна". Загінуў у баі на Данбасе — побач разарваўся снарад. Яму было 34 гады. Беларуса пахавалі ў Крывым Розе. Галіна Клемпоўз піша, што ў яго засталася жонка-украінка і што ён украінскае грамадзянства не атрымаў.

Дзюбайла — ураджэнец Магілёва. Ваяваў за Украіну з 2014 года: спачатку ў добраахвотніцкіх фармаваннях, а пасля ўступіў ва Узброеныя сілы Украіны. Меў пазыўныя "Беларус", "Фенікс", "Дранік".

Беларусы ваююць за Украіну ў шматлікіх падраздзяленнях. Таксама ў красавіку загінуў Зміцер Рубашэўскі ("Ганс"), які служыў у 24-й механізаванай брыгадзе Узброеных сіл Украіны. У сакавіку не стала Аляксея Скоблі ("Тур"), які служыў у элітным ўкраінскім спецпадраздзяленні. Пасмяротна ён узнагароджаны зоркай Героя Украіны.

У баях удзельнічае выключна беларускі батальён імя Кастуся Каліноўскага. У баях загінулі Ілля Хрэнаў ("Ліцьвін") і Зміцер Апанасовіч ("Тэрор").

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.