Вы тут

"Усё ў парадку, адпачнём": Юрый Стыльскі з "Дай дарогу!" — пра новыя забароны

Юрый Стыльскі / Еўрарадыё

2 сакавіка ў мінскі клуб, дзе брэсцкія рокеры "Дай дарогу!" збіраліся здымаць канцэрт, уварваліся сілавікі. Пад пагрозай выкліку АМАПа прысутным давялося разысціся. Музыкі, сабраўшы інструменты, вярнуліся ў родны Брэст.

У той жа вечар берасцейцы даведаліся, што запланаваны на 13 сакавіка канцэрт у Брэсце таксама сарваўся: мясцовыя ўлады адмовілі ім у гастрольным пасведчанні з прычыны "ўзмацнення санітарна-эпідэміялагічных патрабаванняў".

Выглядае на тое, што "Дай дарогу!" зноў трапілі ў негалосны "чорны спіс" беларускіх артыстаў. Лідар калектыву Юра Стыльскі расказаў Еўрарадыё, што пра гэта думае. Для яго забароны не сталі сюрпрызам: брэсцкія ўлады ўжо даўно не любяць ДД!.

"У выканкам трэба было падаваць тэксты — і яны або дазвалялі, або не дазвалялі. Папраўдзе гэта неабавязкова было рабіць, але быў такі "прэс" па прыхамаці іх аддзелаў ідэалогіі, каб паставіць птушачку і паказаць бачнасць працы. Але гэта было пяць гадоў таму. А цяпер гэта проста такое запалохванне, каб людзі баяліся пікнуць. Каб паказаць, што ў іх кантроль ідзе на ўсіх узроўнях". 

Еўрарадыё: З чым гэта звязана цяпер?

"Бачаць нас актывістамі іншай накіраванасці, чым "ябацькі", вось і ўсё. Цяпер калі ты не падтрымліваеш тое, што адбываецца [з боку ўладаў. — Еўрарадыё], значыць, ты непажаданы.

Нічога страшнага, усё ў парадку: адпачнём. Мы можам іграць анлайн-канцэрты, як нядаўна і рабілі. А на падтрымку штаноў знойдзем. Цяпер, вядома, кавід перашкаджае, а ў цэлым нас чакаюць і ва Украіне, і ў Расіі".  

Еўрарадыё: Калі вас чакаюць у іншых краінах, то няма думак зусім з'ехаць?

"У мяне такіх думак няма. У мяне тут мама, сябры, гурт. Ва ўсіх астатніх у гурце прыблізна тое самае. Усё-ткі прывязаны да Брэста, мне тут падабаецца. Дый узрост ужо не той: было б 15-20 гадоў — можа быць, і паехаў бы".

Пад "прэс" брэсцкіх уладаў, па словах Стыльскага, трапілі не толькі "Дай дарогу!". Музыка нагадвае пра рэдакцыю брэсцкага інтэрнэт-часопіса "Бинокль", якая спыніла працу пасля ператрусаў з боку ДФР: "Занадта шмат праўды ў іх, маё меркаванне. Хто цяпер занадта шмат праўды кажа, тыя і пакутуюць. Гэта ўжо нейкія сталінскія рэпрэсіі".  

А суды па справе аб брэсцкім карагодзе, па якой праходзяць амаль 50 чалавек, Стыльскі лічыць спробай уладаў здушыць пратэставы патэнцыял:

"Ёсць такое слова: прафанацыя. Гэта яна — самая сапраўдная. Абсурд, і ўсё. Спрабуюць перапужаць народ, каб увесну было спакойна, каб ніхто ніколі не выйшаў болей. Гэта бязмежжа — па-іншаму не скажаш".

Юрый Стыльскі не раз крытычна выказваўся пра падзеі ў Беларусі. У жніўні мінулага года ўдзельнічаў у мірных акцыях пратэсту. У творчасці гурта таксама не абышлося без рэфлексіі на тое, што адбываецца ў краіне: кліп, дзе людзі ўцякаюць па полі ад сілавікоў з дубінкамі, гаворыць сам за сябе. А па сюжэце песні "Бусел" дзесьці над Мінскам птушка ўразаецца ў верталёт. Карацей, таксама ўсё зразумела.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.