Урад ЗША ухваліў вызваленне журналіста Алега Груздзіловіча

Алег Груздзіловіч / Радыё "Свабода"
Алег Груздзіловіч / Радыё "Свабода"

"Злучаныя Штаты вітаюць вызваленне некалькіх палітычных вязняў у Беларусі, у тым ліку Алега Груздзіловіча, журналіста Радыё Свабодная Еўропа/Радыё Свабода", — з такой заявай выступіў афіцыйны прадстаўнік Дзяржаўнага дэпартамента ЗША Нэд Прайс. Яна размешчаная на афіцыйным сайце ўрада ЗША.

Вызваленне Груздзіловіча называецца ў заяве крокам у правільным кірунку. Разам з тым Прайс падкрэсліў: "Вельмі шмат палітвязняў застаюцца за кратамі ў Беларусі. Мы заклікаем да неадкладнага і безумоўнага вызвалення ўсіх палітычных зняволеных".

Журналіст Алег Груздзіловіч быў асуджаны на 1,5 года калоніі агульнага рэжыму. Яго асудзілі нібыта за "арганізацыю масавых беспарадкаў і ўдзел у іх". Насамрэч ён проста выконваў журналісцкую працу на вулічных мітынгах.

На волю Груздзіловіч выйшаў раней за вызначаны тэрмін — праз 9 месяцаў. Ён напісаў прашэнне аб памілаванні, але, па ягоных словах, сваёй віны не прызнаў.
 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі