Вы тут

Украінскі дэпутат, падазраваны ў дзяржаўнай здрадзе, — у Беларусі на лячэнні

Тарас Козак / zagittya.com.ua

Пакуль ва Украіне праваахоўнікі пачалі крымінальную справу за дзяржаўную здраду супраць народнага дэпутата Тараса Козака, сам ён знаходзіцца на лячэнні ў Беларусі.

Пра гэта, як перадае Радыё "Свабода", заявіў ягоны аднапартыец Віктар Медзвядчук, якога кіеўскі суд 13 траўня адправіў пад хатні арышт з нашэннем электроннага бранзалета.

Алігарх Віктар Медзвядчук вядомы як "кум Уладзіміра Пуціна" і сябар Аляксандра Лукашэнкі. Яго партыю "Апазіцыйная платформа — За жыццё" лічаць прарасійскай.

11 траўня генеральная пракурорка Украіны Ірына Венядзіктава і старшыня Службы бяспекі Украіны Іван Баканаў паведамілі, што на Медзведчука і Козака пачалі крымінальныя справы. Тады ж Баканаў сказаў, што Козак "праз Расію адправіўся ў адпачынак і не плануе вяртацца".

Як адзначалася ў дэкларацыі аб даходах за 2020 год, Тарас Козак трымае свае актывы ў двух беларускіх банках: у "Абсалютбанку" Мікалая Вараб’я — 8 211 225 долараў і 8 796 786 еўра, а ў "МТБ-банку" Аляксея Алексіна — 1 024 712 долараў. Верагодна, у Беларусі вучыцца яго дачка Марыя. Козак — адзін з найбліжэйшых бізнэс-партнёраў Медзведчука.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.