"Уцечка мазгоў" і дэфіцыт кадраў: што адбываецца на рынку працы

Фота з адкрытых крыніц
Фота з адкрытых крыніц

Па звестках МУС, з пачатку восені ў Польшчу выехала каля 10 тысяч беларусаў, ва Украіну — 3 тысячы. У сілавым ведамстве спакойныя: маўляў, ніякіх праблем для беларускага рынку працы гэта не створыць. Хоць лічбы сур'ёзныя: паводле звестак Белстата, за ўвесь 2019 год у Польшчу выехаў 1751 чалавек, ва Украіну — 1890.

Калі раней на працу з'язджалі пераважна спецыялісты рабочых спецыяльнасцяў, то цяпер, хутчэй за ўсё, адбываецца адток работнікаў інтэлектуальнай працы. Так лічыць эканаміст даследчага цэнтра ДПМ Глеб Шымановіч.

— Гэта, безумоўна, звязана не з COVID-19, а з палітычнай сітуацыяй, — адзначае дырэктар кадравага агенцтва "Квадрат" Святлана Карасцялёва. Па яе словах, усплёск міграцыі супаў з "амаль не вертыкальным усплёскам цікавасці" да рабочай сілы ўнутры Беларусі.

— Вядома, накладваецца наша палітычная сітуацыя і другая хваля COVID-19, але сітуацыя ўсё роўна лепшая, чым летам і вясной, — расказвае яна Еўрарадыё.

“Утечка мозгов” и дефицит кадров: что происходит на рынке труда
Звесткі Белстата / Еўрарадыё

Ні кадраў, ні заробкаў

Па словах Карасцялёвай, рынак працы ажывіўся пасля зацішша з сакавіка да верасня.

— Па-першае, заўсёды ўсплёск дзелавой актыўнасці ў верасні — кастрычніку, — расказвае Святлана Карасцялёва. Яшчэ адна прычына — адносны выхад з каранавіруса, хоць цяпер набірае абароты другая хваля, адзначае суразмоўніца.

— І трэцяе — з'явіўся рух на рынку працы, звязаны з палітычным становішчам. Хтосьці звальняецца сам, кагосьці звальняюць, кампаніі пераязджаюць у іншыя краіны, пры гэтым вызваляюцца рабочыя месцы. Накладанне гэтых фактараў і выклікала актывізацыю.

Суразмоўніца адзначае, што зарплатныя чаканні кандыдатаў адрозніваюцца ад таго, што прапануюць наймальнікі.

— Як заўсёды, усе хочуць кадры з высокай кваліфікацыяй за меншыя грошы. А людзі, хай нават не эксперты ў сваёй сферы, часцяком не гатовыя ісці працаваць за 600-700 рублёў.

“Утечка мозгов” и дефицит кадров: что происходит на рынке труда
Звесткі Белстата / Еўрарадыё

А што айцішнікі? Рэлакуюцца?

На рынку працы ёсць дэфіцыт кадраў. Асабліва гэта датычыцца IT-спецыялістаў з досведам работы і вузкай спецыялізацыяй. Зрэшты, хоць цяпер шмат гавораць пра рэлакацыю IT-спецыялістаў, пакуль што гэта больш размовы.

— Я глядзеў даследаванне BEROC, дзе яны апытвалі прыватны бізнес пра тое, ці думаюць яны пра рэлакацыю. Толькі каля 4% думаюць пра пераезд. З аднаго боку, гэты працэс можа быць дастаткова доўгатэрміновым. Калі негатыўная сацыяльна-палітычная тэндэнцыя будзе працягвацца, то хваля будзе нарастаць. З другога боку, магчыма, сітуацыя стабілізуецца, а выдаткі пераезду акажуцца занадта высокія, і людзі не будуць пераязджаць, — кажа Глеб Шымановіч.

Эксперт адзначае, што афіцыйная статыстыка можа многіх не ўлічваць, бо не ўсе пры выездзе афармляюць адпаведныя дакументы. Гэта абцяжарвае ацэнку маштабу міграцыі.

Па словах кіраўніка кадравага агенцтва "КІАТ" Ігара Кочатава, у Беларусі не хапае работнікаў з веданнем англійскай мовы, запатрабаваныя прадажнікі.

— Не сказаў бы, што эканоміка катастрафічна ўпала, але грошай стала менш. Некаторыя напрамкі заміраюць, напрыклад будаўніцтва. Работнікам гэтай сферы стала складаней выехаць праз каранавірус, і яны сталі дадатковай нагрузкай для рынку працы, — кажа Ігар Кочатаў. — Але не стае кіроўцаў, асабліва ў сельскай гаспадарцы. Адчайна не стае медсясцёр і санітараў. Дэфіцыт педагогаў у рэгіёнах, але прычына вядомая. Людзі ёсць, але яны не ідуць на той заробак, які ім прапануюць.

Акрамя складанасцяў у будаўніцтве, праз каранавірус не прадбачыцца аднаўлення турыстычнай галіны і івэнт-індустрыі.

— Адток высокакваліфікаваных кадраў — гэта нашмат горш, паколькі мае доўгатэрміновыя наступствы для эканомікі. Патэнцыял гэтых людзей нашмат вышэйшы, чым, напрыклад, людзей з будаўнічай сферы. Не створацца нейкія праекты, у плане іміджу краіны гэта таксама азначае страты. Гэта значыць, падрываецца аснова доўгатэрміновага росту, — рэзюмуе Глеб Шымановіч.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі