Вы тут

У Віцебску збіраюць подпісы з просьбай не звальняць лекара Уладзіміра Мартава

Уладзімір Мартаў / TUT.BY

Жыхары Віцебска маюць намер звярнуцца ў галоўнае ўпраўленне па ахове здароўя Віцебскага аблвыканкама з просьбай не звальняць загадчыка аддзялення анестэзіялогіі і рэанімацыі БХМД Уладзіміра Мартава. Ужо створана электронная петыцыя, цяпер ідзе збор подпісаў.

"Мы лічым, што ў XXI стагоддзі звальненне за праўду бесчалавечна!",— кажуць аўтары петыцыі.

3 красавіка ў Мартава заканчваецца кантракт. Адміністрацыя бальніцы ўжо апавясціла лекара, што падаўжаць кантракт з ім не будуць.

У першую хвалю COVID-19 Мартаў публічна і сумленна распавядаў пра сітуацыю ў бальніцы — пра тое, што дзяржава па сутнасці кінула медыкаў сам-насам з невывучанай хваробай, а з СІА дапамагаюць пераважна валанцёры.

Аўтары петыцыі перакананыя, што Мартава звальняюць за ягоную сумленную і адкрытую пазіцыю.

"На наш погляд, гэта было зроблена з той прычыны, што Уладзімір Юр'евіч Мартаў стаў адным з першых лекараў у Беларусі, хто яшчэ ў красавіку 2020 года, калі ўлады запэўнівалі, што ніхто ад COVID-19 у нас не памірае, не пабаяўся заявіць, што праблема ёсць і яна сур'ёзная", гаворыцца ў звароце да аблздароўя.

Аўтары петыцыі просяць аднавіць доктара на пасадзе. Мартаў працуе лекарам каля 30 гадоў, з красавіка 2016-га ён узначальвае аддзяленне анестэзіялогіі і рэаніматалогіі.

На раніцу чацвярга пад петыцыяй падпісаліся больш за 900 чалавек.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.