У вайны жаночы твар? Чаму ў калоніі складаюць спіс ваеннаабавязаных жанчын

Кадр з дакументальнага фільму "Дэбют" 

У жаночай калоніі № 4 у Гомелі, адміністрацыя калоніі пачала складаць спісы жанчын, якія з'яўляюцца ваеннаабавязанымі. Пра гэта паведамляюць праваабаронцы.

Няўжо рэжым Лукашэнкі пачаў пераймаць досвед Прыгожына ў вярбоўцы вайсковага рэсурсу ў калоніях? У гэтым пытанні мы паспрабавалі разабрацца з палітолагам Вадзімам Мажэйкам.

“Я бы звярнуў увагу, што ўсё ж такі [праваабарончы цэнтр] “Вясна” піша пра гэта ў кантэксце ціска на палітвязняў у гэтай калоніі. То бок, гэта не пра тое, што ў калоніі ўсё ціха і мірна, і вось толькі гэтыя спісы там ёсць. Не, там ёсць і іншыя элементы ціску. Адпаведна, гэта адна з частак агульнага ціску на палітвязняў, якая сама па сабе навіной не з’яўляецца.

Лічыць, што мабілізацыя пачнецца з гомельскай жаночай калоніі — гэта вельмі сумнеўна. Я бы гэтыя падзеі не звязваў. Тым больш, якім цікавым ваенным рэсурсам гэтыя звяволенныя жанчыны могуць быць? Іх ніхто не будзе вывазіць з калоніі на вайсковыя зборы ці даваць у рукі зброю.

Мне здаецца,  гэта частка агульнага інфармацыйнага напружання, якое цяпер ёсць — калі ў кожнай навіне мы бачым адгалоскі вайны”.

Але як складаннем такіх спісаў можна ціснуць на вязняў?

“Адміністрацыя калоніі да ўсяго чапляецца, людзей запужваюць. Мы пра гэта разважаем у катэгорыях агульных, седзячы на свабодзе і ў бяспецы, а калі чалавеку ў калоніі намякаюць, што “Глядзі, мы зараз адправім цябе на вайну ў складзе ПВК “Вагнера”, то чалавеку можа быць вельмі цяжка адрозніць, дзе тут шантаж, а дзе рэальная пагроза. Трэба будзе глядзець, ці будзе адбывацца нешта падобнае ва ўсіх іншых калоніях. Калі мы пабачым такое ў розных рэгіёнах, то можна будзе меркаваць, што гэта нейкае распараджэнне з Мінску. Пакуль гэта толькі ў адной калоніі, што можа быць крэатывам мясцовага начальніка”. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.