Вы тут

У траўні пастаўкі нафты з РФ у Беларусь знізяцца больш чым у 2 разы

У Мінску пакуль не прызнаюць наяўнасць сур'ёзнай праблемы / Ілюстрацыйнае фота БЕЛТА

Травеньскія пастаўкі нафты з Расіі ў Беларусь знізяцца ў 2,2 раза ў параўнанні з красавіком і складуць крыху больш за 600 тысяч тон. Пра гэта заявілі ў "Транснафце". У папярэднім месяцы на нафтаперапрацоўчыя заводы ў Наваполацк і Мазыр было пастаўлена 1,325 млн тон нафты. Больш таго, у траўні 2021-га на "Нафтан" паставяць толькі 50 тысяч тон (у 14,5 раза менш, чым у красавіку!), рэшту атрымае Мазырскі НПЗ. Тэматычныя тэлеграм-каналы паведамляюць, што расійскае Міністэрства энергетыкі зацвердзіла гэтыя лічбы. Прычына афіцыйна не тлумачыцца.

Але ў "Белнафтахіме" заявілі, што "беларускія НПЗ працуюць у штатным рэжыме". А аб'ёмы травеньскай перапрацоўкі нафты "нават перавысяць ўзровень бягучых бізнес-планаў".

У канцы красавіка Reuters паведаміў, што расійскія нафтавыя кампаніі могуць спыніць пастаўкі на "Нафтан" з-за санкцый ЗША, дзеянне якіх адновіцца ў пачатку чэрвеня. Яны занепакоеныя тым, што могуць быць пакараныя, калі працягнуць працу з беларускім бізнесам. Днямі прэм'ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка заявіў, што санкцыі ЗША не спынілі паставак нафты з Расіі. Ён з аптымізмам гаварыў: "Але мы купляем нафту не ў Злучаных Штатах, а ў нашага партнёра — Расійскай Федэрацыі".

Як вядома, амерыканскія санкцыі зноў пачнуць дзейнічаць у дачыненні "Белнафтахіма" і яшчэ 8 дзяржпрадпрыемстваў з-за "сістэматычнага парушэння правоў чалавека ў Беларусі" і адмовы афіцыйнага Мінска вызваліць сотні палітвязняў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.