Вы тут

У СІЗА №1 пераблыталі Марыю Калеснікаву і Максіма Знака

Марыя Калеснікава і Максім Знак / viktarbabarykaofficial

У СІЗА №1 на вуліцы Валадарскага ў Мінску канваіры пераблыталі палітвязняў Марыю Калеснікаву і Максіма Знака. Пра кур'ёзны выпадак распавяла прэс-служба Віктара Бабарыкі.

Калеснікава і Знак сустракаюцца з адвакатамі ў кабінетах для асабліва небяспечных злачынцаў, прысуджаных да пажыццёвага тэрміну або смяротнага пакарання. У СІЗА №1 такіх кабінетаў два. У іх вязня ад адваката аддзяляюць глухія дзверы, невялікае акенца і сетка. Дакументы можна перадаць толькі праз канваіра. Таксама ў гэтых кабінетах праслухоўваюцца размовы. 

19 студзеня адвакатка Людміла Казак у адным з такіх пакояў чакала сваю падабаронную Марыю Калеснікаву. Але замест яе ў кабінет завялі Максіма Знака. Адвакатка сказала, што гэта не да яе. Аднак канваіры адказалі: "Не, гэта да вас". Пасля чаго дзверы за Максімам Знакам зачыніліся.

Як паведамляе прэс-служба Бабарыкі, Максім усміхнуўся, перадаў прывітанні.

Потым адвакатка ўсё ж сустрэлася з Марыяй Калеснікавай. 

Калеснікава і Знак, якія ўваходзілі ў штаб Бабарыкі, а потым у Каардынацыйную раду, знаходзяцца пад вартай з пачатку верасня 2020 года. Абаіх праваабаронцы прызналі палітвязнямі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.