У Швецыі выявілі чацвёртую ўцечку газу на газаправодах "Паўночнага патоку"

Уцечка газу з пашкоджанага трубаправода ў водах Даніі / Reuters

Берагавая ахова Швецыі выявіла чацвёртую уцечку газу на газаправодах "Паўночнага патоку". Пра гэта паведамляе Рэйтэр са спасылкай на газету Svenska Dagbladet. Гэта ўжо чацвёртая прабоіна. Прычым "дзве з гэтых чатырох уцечак адбыліся ў выключнай эканамічнай зоне Швецыі", — расказала шведскаму выданню прадстаўніца берагавой аховы Джэні Ларсан. Яшчэ дзве ўцечкі знаходзяцца ў зоне Даніі.

Чацвёртая ўцечка выяўленая на трубаправодзе "Паўночны паток-2" — недалёка ад буйнейшай прабоіны на суседнім "Паўночным патоку-1".

У Германіі падазраюць, што гэтыя інцыдэнты сталі вынікам дыверсіі, пра гэта пісала Tagesspiegel са спасылкай на крыніцу ў кампетэнтных органах.

"Мы не можам прапанаваць версіі, якая б не ўключала мэтаскіраваную атаку. Усё сведчыць пра тое, што гэта не выпадковасць", — казаў суразмоўца нямецкіх журналістаў.

Падчас аварыі ні адзін з трубаправодаў не выкарыстоўваўся. Але трубы былі запоўненыя газам. З панядзелка, калі адбылося надзвычайнае здарэнне, газ выкідваўся ў Балтыйскае мора. ЕС пачаў расследаванне.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.