У праваабаронцы Насты Лойка за кратамі абвастрыліся праблемы са страўнікам

Наста Лойка / Еўрарадыё
Наста Лойка / Еўрарадыё

Суд над праваабаронцай Настай Лойка, верагодна, пачнецца ў траўні, паведамляе Радыё "Свабода". Нядаўна следства працягнула яе ўтрыманне на "Валадарцы" да 14 красавіка.

За кратамі дзяўчына пакутуе на праблемы са страўнікам. Лойка — веганка, таму не можа есці турэмныя стравы. Ёй даводзіцца харчавацца толькі тым, што атрымлівае з перадач ці можа купіць на "атаварцы".

Таксама паведамляюць, што Насце трэба палячыць зубы. Але Следчы камітэт не дапусціў у СІЗА стаматолага, якога для дзяўчыны знайшлі блізкія.

Праваабаронцу Human Constanta Насту Лойку затрымалі ў кастрычніку 2022 года. Спярша ёй прысудзілі некалькі адміністрацыйных тэрмінаў па 15 сутак запар на Акрэсціна. Падчас судоў дзяўчына расказвала, што яе білі электрашокерам і пакідалі без верхняй вопраткі на вуліцы ў лістападзе на 8 гадзін.

Потым праваабаронцы выставілі абвінавачанні ў "арганізацыі групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўным удзеле ў іх" (арт. 342 КК) і ў "распальванні расавай, нацыянальнай, рэлігійнай ці іншай сацыяльнай варожасці" (арт. 130 КК).

Паведамляецца, што да Насты ў СІЗА не даходзяць лісты — ні ад сяброў і калег, ні ад каго яшчэ. Затое даходзяць грашовыя пераводы і бандэролі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі