У праўладным — бонусы, у незалежным — абарона: навошта рабочым патрэбны прафсаюз

Работнікі МТЗ на маршы пратэсту / Еўрарадыё
Работнікі МТЗ на маршы пратэсту / Еўрарадыё

На паперы ўсе прафсаюзы ў Беларусі — незалежныя. Але пасля выбараў і спроб арганізаваць забастоўкі ў рэдакцыю Еўрарадыё стала паступаць інфармацыя аб тым, што рабочыя на буйных прадпрыемствах незадаволеныя сваімі прафсаюзамі, выходзяць з іх і ўступаюць у іншыя.

Мы паспрабавалі разабрацца, наколькі гэта масавая з'ява і ці мае гэта сэнс.

Сёння ёсць усяго чатыры аб'яднанні работнікаў, якія не ўдзельнічаюць у Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі. Гэта Беларускі незалежны прафсаюз, Свабодны прафсаюз Беларускі, Свабодны прафсаюз металістаў, Беларускі прафсаюз работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці. Іх аб'ядноўвае Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў.
 

В провластном — бонусы, в независимом — защита: зачем рабочим нужен профсоюз

— Да нядаўніх часоў уладзе ўдавалася ўтрымліваць людзей у складзе прафсаюзаў Федэрацыі. Працоўных кантралявалі праз гэта аб'яднанне. І ўсё было б значна горш, калі б БКДП не было. Дзякуючы нашай арганізацыі не адбылося канчатковага спаўзання ў таталітарызм у сферы працоўных адносін, — адказвае Еўрарадыё на пытанне аб адрозненні дзвюх арганізацый старшыня БКДП Аляксандр Ярашук. — ФПБ — гэта прафсаюзы, якія знаходзяцца ў непасрэдным падначаленні Адміністрацыі прэзідэнта. З 2002 года. А БКДП — арганізацыя, якая з'яўляецца класічным прафсаюзам — як тыя, што функцыянуюць у краінах ЕС. Наша арганізацыя прызнаная, мы з'яўляемся членамі Міжнароднай канфедэрацыі прафсаюзаў з 2003 года.

Нават айцішнікі стварылі свой прафсаюз

Прафсаюзы ствараюцца, калі работнікі хочуць абараняць свае правы.

Беларускі незалежны прафсаюз аб'ядноўвае работнікаў горнай, нафтаперапрацоўчай, хімічнай і харчовай прамысловасці, работнікаў транспарту. Уступаць могуць людзі, якія працуюць у гэтых сектарах эканомікі.

Свабодны прафсаюз металістаў — прадпрыемствы, звязаныя з металаапрацоўкай. І машынабудаўнічыя, і наогул усе астатнія, якія маюць дачыненне да металу.

Свабодны прафсаюз Беларускі аб'ядноўвае прадстаўнікоў самых розных прафесій.

“Яшчэ ёсць Беларускі прафсаюз радыёэлектроннай прамысловасці, і яго гісторыя павучальная, — працягвае Аляксандар Ярашук. — Там практычна не засталося прадстаўніцтва на прадпрыемствах радыёэлектроннай прамысловасці, але яго статут прапісаны такім чынам, што яны могуць ствараць арганізацыю ў любых сектарах і на любых прадпрыемствах. Сёння яны ствараюць арганізацыі на МАЗе, на МТЗ.

Нават айцішнікі стварылі сваю арганізацыю, статут Беларускага незалежнага прафсаюза дазваляе мець такія арганізацыі. Яны падаюць на рэгістрацыю — паглядзім, што атрымаецца”.
 

В провластном — бонусы, в независимом — защита: зачем рабочим нужен профсоюз
Графіці ў Мінску ў падтрымку рабочых, што бастуюць / Наша Ніва

Што стрымлівае незадаволеных ад выхаду з прафсаюзаў ФПБ?

Здавалася б, што складанага — узяў ды памяняў прафсаюз. Але на справе ўсё не так проста.

— Мы ведаем прыклады, калі на асобных прадпрыемствах і фірмах выходзілі практычна ўсе работнікі, — адзначае Аляксандр Ярашук. — А стрымлівае масавы сыход з ФПБ тое, што частка ільгот распаўсюджваецца толькі на членаў федэрацыі.

Стрым з маршу рабочых

Міхаіл уваходзіць у Прафсаюз РЭП. Паводле яго слоў, цяпер па ўсёй Беларусі ствараюцца пярвічныя арганізацыі гэтага прафсаюза.

Яшчэ два тыдні таму ад Свабоднага прафсаюза Беларускага быў толькі радок рэгістрацыі і старшыня. А зараз там ужо стварылася структура, туды ідуць і работнікі культуры, і студэнты, і медыкі. Арганізацыя ўжо немаленькая, — працягвае ён. — Той жа саюз металістаў быў практычна мёртвы, а цяпер туды ідуць работнікі прадпрыемстваў. 

Міхаіл тлумачыць, што мэты "перабежчыкаў" простыя і зразумелыя — стварыць арганізацыю, якая будзе абараняць правы работнікаў на справе, а не на паперах.

В провластном — бонусы, в независимом — защита: зачем рабочим нужен профсоюз
Людзі з плакатамі, якія прыйшлі падтрымаць рабочых МТЗ / Еўрарадыё

Афіцыйны прафсаюз працаваць з гэтым не хоча

Другі суразмоўца Еўрарадыё — працоўны з Мінскага электратэхнічнага завода. Ён выйшаў з першаснай арганізацыі "Белпрафмаш" і ўступіў у Свабодны прафсаюз металістаў. Рабочыя МЭТЗ таксама вырашылі замяніць стачкам на прафкам — так прасцей адстойваць свае інтарэсы.

— Як толькі мы захацелі стварыць стачкам, тут жа дырэктар выдаў загад аб забароне сходаў. Каб стварыць стачкам, трэба правесці ў кожным падраздзяленні сход, выбраць прадстаўнікоў. І кіраўніцтва не дало гэта зрабіць. Наша задача палягае ў тым, каб стварыць прафсаюзную арганізацыю і перайсці да легальных форм працы з адміністрацыяй.

Пытанні, якія будуць агучаныя прафсаюзам, — гэта пытанне заробку, пытанне тэхнікі бяспекі, пытанні занятасці. Тая ж тэхніка бяспекі: ёсць у нас такія месцы, дзе старое абсталяванне — кантроль і праверку яно не праходзіць. Напрыклад, краны. Кранаўшчыца скардзіцца, што тармазы не працуюць, кантролеры не працуюць на кранах. Ужо становіцца небяспечна працаваць. Альбо ў завода грошай няма, альбо не хочуць гэтым займацца. Афіцыйны прафсаюз працаваць з гэтым не хоча. Што казаць, калі дырэктар выклікаў начальніка цэха і сказаў: "Ты будзеш старшынёй прафкама"?

11 жніўня супрацоўнікі завода імя Казлова, абураныя вынікамі выбараў, напісалі калектыўны ліст на адрас Адміністрацыі прэзідэнта з патрабаваннямі спынення гвалту ў дачыненні да пратэстоўцаў, вызвалення затрыманых і вяртання паўнавартаснага Інтэрнэту. Намеснік дырэктара па ідэалагічнай працы Валерый Шчэрба абяцаў перадаць зварот дырэктару, але, па словах работніка, на ўзроўні апошняга той і застаўся.

В провластном — бонусы, в независимом — защита: зачем рабочим нужен профсоюз
Жнівеньскія затрыманні каля прахадной МТЗ / Еўрарадыё

— Як толькі людзі выйшлі пратэставаць, дырэктар сказаў: "Пішыце вашыя патрабаванні, я іх падпішу". Людзі напісалі: не прызнаём выбары, далоў гвалт. Дырэктар узяў гэтую паперу, пачаў з ёй хадзіць, хацеў пад сукно схаваць, — працягвае працоўны МЭТЗ. — Людзі пачалі патрабаваць, маўляў, ты падпісаў паперу? Адправіў куды патрэбна? Канечне ж не. Ён гэтую паперу ніколі не падпіша.

Людзі спрабавалі яшчэ раз выйсці. Выйшла дваццаць чалавек, іх сфатаграфаваў начальнік аховы, і цяпер дырэктар ходзіць на ўчасткі, дзе яны працуюць, і пачынае іх трэціраваць. Пакуль быццам бы нікога не звольнілі, але праца з боку адміністрацыі вядзецца. На дваццаць чалавек, якія выйшлі на дваццаць хвілін падчас перапынку, аказваецца ціск. На мітынгі завадчане таксама ходзяць, але пакуль што там нікога не затрымлівалі.

Незалежны прафсаюз замест забастоўкі?

Менавіта няўдалы вопыт арганізацыі пратэсту падштурхнуў многіх рабочых да таго, каб пакінуць праўладны прафсаюз.

— Людзі некалькі дзён пабунтавалі, але большая частка прадпрыемства ўсё адно працавала. Ад гэтага было некаторае расчараванне. Але паколькі пратэсты не згасаюць, а сітуацыя не мяняецца — на дыялог з намі ніхто не ідзе, — людзі не спыняцца і будуць страйкаваць. Тым больш пачынаюцца праблемы з заробкамі, — рэзюмуе Міхаіл з МТЗ. — У нас некаторыя цэхі ўжо даўно стаяць: няма камплектуючых, няма запчастак, няма попыту. Асноўная вытворчасць працуе, але ў нас жа шмат і дапаможнай вытворчасці. На механазборачнай вытворчасці працуе больш за тысячу чалавек, і ў іх практычна няма працы.

Большая частка людзей на здзелцы. Уся вытворчасць у нас у асноўным на здзелцы. Пакуль ім плацяць, яны будуць працаваць. Але час ад часу праяўляецца недахоп чагосьці, і ў людзей, адпаведна, падаюць заробкі. Падсобныя вытворчасці ў нас практычна ўжо ўсе без працы стаяць.

У большасці тых, хто цяпер страйкуе, стаўленне такое, што, маўляў, калі звольняць — то і чорт з ім. Тыя, хто страйкуе, не баяцца страціць працу. Гэта тыя людзі, у якіх ёсць адукацыя, спецыяльнасць, яны не баяцца. Гэта тыя, хто ўпэўнены ў сабе як у спецыялісце.
 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

ММы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі