Вы тут

У НАУ назвалі імёны чыноўнікаў, адказных за рост падаткаў і цэн

У спісе чыноўнікаў, адказных за рост цэн, 143 прозвішчы

Народнае антыкрызіснае ўпраўленне, якое ўзначальвае Павел Латушка, апублікавала спіс чыноўнікаў, адказных за прыняцце шэрагу сумнеўных заканадаўчых актаў. Перш за ўсё гаворка ідзе пра змены ў Падатковы кодэкс, праз якія выраслі падаткі, а следам — цэны на лекі і прадукты.

Папраўкі запрацавалі з 1 студзеня. Сярод іншага яны прадугледжвалі павышэнне ПДВ на ўвоз шэрагу лекаў, медвырабаў, харчовых і дзіцячых тавараў.  Толькі за студзень тавары і паслугі ў краіне падаражэлі на 1,1%. 

"Бюджэту вельмі патрэбныя грошы. Каб павысіць зарплаты чыноўнікам і забяспечыць іх пакорлівасць і лаяльнасць (што ўжо, дарэчы, зроблена), каб нарасціць фінансаванне сілавога блока: людзі, якія збіваюць суайчыннікаў на вуліцах, любяць, каб зарплата прыходзіла на картку своечасова, а лепш — яшчэ і расла. Усё гэта павінныя забяспечыць простыя беларусы — сваімі падаткамі, аплатай падаражэлых тавараў і паслуг", — адзначылі ў НАУ.

Прадстаўнікі Народнага антыкрызіснага ўпраўлення ўспомнілі яшчэ адну супярэчлівую пастанову, якая абмяжоўвае права на выезд беларусаў за мяжу.

"Вось і атрымліваецца: купляць у Беларусі — дорага, аднекуль прывезці — немагчыма", — адзначылі ў НАУ.

Таму і было прынятае рашэнне назваць імёны "тых, хто нанёс чарговы ўдар па беларускай эканоміцы, па сваіх суайчынніках і нават па сабе і сваіх блізкіх". У спісе — 143 прозвішчы, гэта міністры, кіраўнікі шэрагу ведамстваў, іх намеснікі, а таксама прадстаўнікі мясцовых уладаў.

У НАУ таксама адзначылі, што сумесна з ByPOL цяпер ідзе праца па зборы фактычных доказаў віны людзей са спісу. "Дзеянні кожнага атрымаюць прававую ацэнку", — адзначылі ў антыкрызісным кіраванні.

Варта адзначыць, што беларускі ўрад з мэтай стрымлівання інфляцыі напярэдадні падпісаў пастанову, якой па сутнасці "замарозіў" цэны на "сацыяльна значныя тавары першай неабходнасці". Цэны на 62 пазіцыі тавараў і 50 найменняў лекаў з 1 сакавіка можна будзе павышаць не больш чым на 0,2% у месяц.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.