Вы тут

У МЗС незадаволеныя генсекам ААН, які мае даныя ад Лукашэнкі і не дзейнічае

Антоніу Гутэрыш / Reuters

У МЗС Беларусі незадаволеныя генсекам ААН. Афіцыйны Мінск спадзяваўся, што Антоніу Гутэрыш дапаможа зняць з нашай краіны заходнія санкцыі. Вясной яму нават перадавалі ліст ад Аляксандра Лукашэнкі. "У дачыненні да беларускіх калійных угнаенняў у спадара Гутэрыша маецца інфармацыя з самых першых рук", заявіў у пятніцу намеснік міністра замежных спраў РБ Юрый Амбразевіч. Ён адзначае "значную, але недастатковую актывізацыю дзеянняў" генсека ААН. Па словах Амбразевіча, "структуры ААН, як і кіраўнікі іх сакратарыятаў абмежаваны палітычнай воляй краін-членаў".

"Факт незаконных абмежаванняў на доступ беларускіх калійных угнаенняў на міжнародны рынак па-ранейшаму старанна абыходзіцца міжнароднымі структурамі", — з сумам канстатуе Юрый Амбразевіч.

Беларускі вытворца калійных угнаенняў знаходзіцца пад санкцыямі і ЗША, і ЕС. У лютым транзіт у Клайпеду спыніла Літва, пасля пачалася вайна ва Украіне, і гэта стала праблемай для Мінска. Калійныя ўгнаенні цяпер пастаўляюцца толькі праз Расію (адгрузкі калію праз расійскія парты адбываюцца па дэмпінгавых цэнах). Іх экспарт за паўгода скараціўся ўдвая.

У траўні Аляксандр Лукашэнка прапаноўваў вазіць за мяжу калій... мяшкамі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.