Вы тут

У Мінску затрымалі пенсіянераў, якія чыталі ў электрычцы беларускія кнігі

У Мінску затрымалі пенсіянераў, якія чыталі ў электрычцы беларускія кнігі / Еўрарадыё

26 лютага ў 10.45 на станцыі "Мінск-Паўночны" затрымалі групу пенсіянераў. Як паведамляюць праваабаронцы "Вясны", восем чалавек былі затрыманыя за тое, што чыталі ў электрычцы беларускія кнігі — такая ў іх была акцыя ў падтрымку беларускай мовы. 

Паведамляюцца імёны некаторых затрыманых: Галіна Гулянкова, Наталля Іванісава (1946 г. нар.), Святлана Лазебнікава (1961 г. нар.), Ірына Новік (1961 г. нар.).

У каментары TUT.by адна з відавочцаў распавяла, што ў некаторых пенсіянераў была нацыянальная сімволіка: "У некаторых было трохі сімволікі: невялікія сцяжкі, бранзалеты, стужачкі. Людзі выйшлі на прыпынку Мінск-Паўночны. Я чула толькі потым нейкі крык на вуліцы. Дзяўчына, якая ўвайшла ў вагон, сказала, што кагосьці затрымалі"

Таксама ёсць звесткі, што затрыманні пенсіянераў адбыліся на станцыі Ждановічы і прыпыначным пункце Масюкоўшчына. 

75-гадовую Наталлю Іванісаву затрымалі якраз на станцыі Ждановічы. Пенсіянерку пасадзілі ў мікрааўтобус, завезлі ў РУУС, а потым і ў суд Заводскага раёна сталіцы. Там яе аштрафавалі на 725 рублёў (25 базавых) паводле "народнага артыкула" 23.34 КаАП. 

На судзе жанчына сказала, што электрычкай не ехала, у акцыі не ўдзельнічала, а вярталася з дому за горадам, дзе жыве. Аднак кнігі беларускіх пісьменнікаў у яе сумцы былі.

"Там было насенне на расаду і кнігі беларускіх пісьменнікаў і паэтаў: Ніл Гілевіч, Васіль Вітка, Артур Вольскі. Супрацоўнік у РУУС сказаў, што ўсё гэта апазіцыйная Літаратура. Спытаў, чаму я цікаўлюся ёй. Я сказала, што жыву ў Беларусі — чаму я не магу ёй цікавіцца?" — кажа Наталля Леанідаўна. 

Жанчына распавяла, што ў пратаколе месцам яе затрымання пазначылі вуліцу Кальварыйскую і напісалі, што пенсіянеры былі ў бел-чырвона-белай вопратцы, крычалі "Жыве Беларусь" і ўдзельнічалі ў несанкцыянаваным мерапрыемстве.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.