Вы тут

У Мінску віну пратэстоўца даказвалі з дапамогай слядоў, пакінутых на снезе

Міліцыя не першы раз знаходзіць пратэстоўцаў па слядах на снезе / Ілюстрацыйнае фота pixabay.com

У Мінску віну пратэстоўца даказвалі з дапамогай слядоў, пакінутых на снезе. За стужкі, якія віселі на плоце, мужчына атрымаў 15 сутак адміністрацыйнага арышту, паведамляе тэлеграм-канал @viasnanazirae.

Здарэнне адбылося ўвечары 20 лютага. Нейкі "неабыякавы грамадзянін" паскардзіўся ў міліцыю на тое, што група людзей на вуліцы Макаёнка вешае стужкі на плот. Міліцыянеры затрымалі дваіх мужчын — Андрэя Залатарова і Яўгена Касенку. На іх склалі пратаколы за "парушэнне парадку арганізацыі ці правядзення масавых мерапрыемстваў".

Мужчыны сваёй віны не прызналі. Паводле іх слоў, стужкі ўжо віселі, калі яны прыйшлі. Суд адбыўся праз трое сутак пасля затрымання. Першамайскі суд (суддзя — Максім Трусевіч) прызнаў Яўгена Касенку вінаватым, нягледзячы на тое, што на відэа ён сябе не пазнаў — там шэсць чалавек вешалі стужкі. Віну Касенкі даказвалі... слядамі на снезе. Пратэктар яго абутку нібыта супаў са следам на снезе каля плота "на месцы правапарушэння".

Справу Залатарова адправілі на дапрацоўку.

Міліцыя не першы раз знаходзіць пратэстоўцаў па слядах на снезе. У канцы мінулага года ў Пухавіцкім раёне так знайшлі 34-гадовага мужчыну, які замкнуў металічным дротам рэйкі на чыгунцы, вывеўшы з ладу сігналізацыю.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.