У Мінску адмянілі аперэту Кальмана — за пазітыўны паказ Амерыкі

Беларускі дзяржаўны музычны тэатр / Вікіпедыя

Чыноўнікі адмянілі прэм'еру аперэты Імрэ Кальмана "Герцагіня з Чыкага", якую рыхтаваў Беларускі дзяржаўны музычны тэатр. Пра гэта сайту zerkalo.io расказалі супрацоўнікі тэатра.

Гэтая аперэта Кальмана ўпершыню была пастаўленая ў 1928 годзе.

Прэм'ера ў Мінску была запланаваная на 23 і 24 верасня.

На здачу спектакля былі запрошаныя чыноўнікі з упраўлення культуры Мінгарвыканкама. Пасля гэтага тэатр паведаміў, што прэм'ера адмяняецца "па тэхнічных прычынах". Паказы спектакля ў кастрычніку таксама адмененыя.

"Герцагіня з Чыкага" — палітычная сатыра як на амерыканскія, так і на еўрапейскія рэаліі 1920-х гадоў. Верагодна, беларускія чыноўнікі пабачылі ў пастаноўцы паралелі з сучасцнай сітуацыяй. Па словах супрацоўнікаў тэатра, чыноўнікам не спадабаліся жарты пра пачатак вайны з Японіяй, героі гомасексуальнай арыентацыі, а таксама тое, што Амерыка ў цэлым паказваецца ў аперэце пазітыўна.

Бліжэйшы паказ "Герцагіні з Чыкага" запланаваны на 11 лістапада. Супрацоўнікі спадзяюцца да таго часу прывесці спектакль у выгляд, які задаволіць чыноўнікаў Мінгарвыканкама.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.