Вы тут

У "Мінскэнерга" расказалі, калі ў дамы ў Маскоўскім раёне вернецца цяпло

Аварыя на цепламагістралі ў раёне скрыжавання вуліц Ясеніна і Рафіева / @belenergo

Цеплазабеспячэнне ў мікрараёнах Мінска, якія напярэдадні засталіся без цяпла і гарачай вады, плануюць аднавіць да 16 гадзін 22 студзеня, паведаміў галоўны інжынер філіяла "Мінскія цеплавыя сеткі" РУП "Мінскэнерга" Аляксандр Драгун.

Па яго словах, трэснуў так званы кампенсатар. Цяпер ён дэмантаваны, і змантаваны новы. Усе мантажныя і зварачныя работы рамонтнікі плануюць завяршыць да 12 гадзін. А "ў 16 гадзін мы плануем цалкам аднавіць цеплазабеспячэнне ўсіх спажыўцоў", сказаў Драгун.

Ён адзначыў, што трубаправод, дзе адбылася аварыя, быў уведзены ў эксплуатацыю ў 2011 годзе пасля рэканструкцыі. Усе рэгламентныя працы на ім праводзіліся ў тэрмін, і да гэтага часу ніякіх пашкоджанняў не было.

"Чаму адбылося гэтае пашкоджанне, мы пакуль не ведаем. У нас такія выпадкі заўсёды расследуюцца", — сказаў прадстаўнік "Мінскэнерга".

Пры гэтым на пытанне, чаму такія аварыі здарыліся ў розных частках Мінска, Драгун выказаў здагадку, што вінаватае надвор'е.

"У гэтым годзе былі досыць нізкія тэмпературы вонкавага паветра. Па сутнасці мы дасягнулі разліковай тэмпературы для горада Мінска. Яна складае -24 градусы. Гэта тая тэмпература, на якую разлічаная наша цеплатраса", — сказаў ён.

Раніцай намеснік старшыні Мінгарвыканкама Аляксандр Дараховіч таксама выказаў здагадку, што няштатная сітуацыя здарылася праз рэзкі перапад тэмператур.

Напярэдадні праз пашкоджанне цепламагістралі без цяпла і гарачай вады на скрыжаванні вуліц Ясеніна і Рафіева застаўся шэраг мікрараёнаў у Маскоўскім раёне Мінска. Праз адсутнасць цяпла на пятніцу там закрылі школы і дзіцячыя сады. Заняткі ў школах перанеслі на суботу, а ў дзіцячых садках — у выпадку немагчымасці пакінуць дзяцей дома — бацькоў папрасілі апранаць малых цяплей.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.