Вы тут

У Міністэрстве аховы здароўя РБ прызналі складанасці з пастаўкам імпартных лекаў

Аптэка ў Гродне / farmacia.by

Чыноўнікі з Міністэрства аховы здароўя Беларусі прызналі праблему з пастаўкамі імпартных лекаў. Першая намесніца міністра Алена Краткова ў эфіры АНТ заявіла, што ёсць "насцярожанасць", бо "паўсталі складанасці з лагістыкай, тэрмінамі дастаўкі, узніклі складанасці з аплатай".

Асобна яна спынілася на сітуацыі з прэпаратамі для анкахворых. 

"Хачу запэўніць: усе меры робяцца, літаральна ў найбліжэйшы тыдзень некалькі найменняў анкалагічных прэпаратаў будуць у нашай краіне", — сказала Краткова.

Паводле яе слоў, складзены пералік са 110 лекавых прэпаратаў, якія знаходзяцца на асаблівым кантролі ў Міністэрстве. Краткова таксама нагадала, што беларускія лекавыя прэпараты займаюць крыху больш за палову рынку (52%). У бальніцах гэтая доля даходзіць да 70%, а ў некаторых стацыянарах — да 90%. Але каля 800 найменняў лекаў беларускіх аналагаў не маюць.

Яна таксама расказала, што з беларускага рынку сышоў шэраг украінскіх лекаў. Чыноўнікі Міністэрства аховы здароўя цяпер шукаюць, чым іх замяніць.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.