Вы тут

У Мінэнерга расказалі, што адбылося з сайтам БелАЭС

На Беларускай АЭС / З архіву БЕЛТА

У Мінэнерга расказалі, што адбылося з сайтам БелАЭС 25 красавіка. "Праца АЭС небяспечная! Трагедыя можа адбыцца ў любы момант!" — зварот з такім загалоўкам з'явіўся на ім у нядзелю. Ён падпісаны нібыта "неабыякавымі супрацоўнікамі". Неўзабаве ў тэлеграм-канале Мінэнерга з'явілася паведамленне, што сайт быў узламаны невядомымі, а апублікаваная раней інфармацыя з'яўляецца фэйкам.

Цяпер жа Мінэнерга паведаміла падрабязнасці расследавання інцыдэнта. "Праблемы з доступам на афіцыйны сайт БелАЭС паўсталі з-за падмены IP-адраса, — паведамляе прэс-служба міністэрства. — Для ўкіду непраўдзівай інфармацыі зламыснікі стварылі фішынгавую старонку з атрыбутамі сайта БелАЭС, куды перанакіроўваліся карыстальнікі сайта станцыі".

Адзначаецца, што праца сапраўднага сайта "не парушалася", а фішынгавую старонку заблакавалі. Цяпер шукаюць асобаў, якія маюць дачыненне да здарэння. Падкрэсліваецца, што паколькі "сайт БелАЭС не размешчаны на серверах станцыі, інцыдэнт не ўяўляе пагрозы для яе інфармацыйных сістэм".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.