Вы тут

У Мінабароны расказалі пра тры сумесныя вучэбныя цэнтры з УС Расіі

Расійскія дэсантнікі на вакзале ў Мінску / t.me/modmilby​

Міністр абароны Беларусі Віктар Хрэнін і кіраўнік Мінабароны Расіі Сяргей Шайгу дамовіліся на сустрэчы 5 сакавіка ў Маскве пра стварэнне сумесных вучэбна-баявых цэнтраў падрыхтоўкі вайскоўцаў. Падрабязнасці гэтых дамоўленасцяў прыводзіць тэлеграм-канал беларускага абароннага ведамства.

Цэнтраў будзе тры. Адзін з іх размесцяць на тэрыторыі Беларусі. Гаворка ідзе пра вучэбна-баявы цэнтр сумеснай падрыхтоўкі ВПС і войскаў СПА.

Дзе менавіта ён будзе размешчаны, не паведамляецца. Гаворыцца толькі, што "на базе цэнтра будзе арганізаваная сумесная падрыхтоўка экіпажаў самалётаў Су-30СМ, навучанне беларускіх спецыялістаў працы на сучасных зенітных ракетных комплексах, якія знаходзяцца на ўзбраенні Узброеных Сіл Расійскай Федэрацыі, а таксама сумеснае выкананне вучэбна-баявых задач".

 Яшчэ два сумесныя вучэбна-баявыя цэнтры будуць створаныя на тэрыторыі Расіі. Адзін з іх будзе спецыялізавацца на падрыхтоўцы сухапутных войскаў.

"У ім будзе весціся падрыхтоўка мотастралковых і танкавых падраздзяленняў дзяржаў па методыках, якія ўлічваюць баявы вопыт расійскіх Узброеных Сіл", — расказалі ў беларускім Мінабароны.  

Акрамя таго, у Калініградскай вобласці на базе Балтыйскага флоту з'явіцца вучэбна-баявы цэнтр для вадалазнай падрыхтоўкі. Тут жа на базе вайсковых часцей марской пяхоты Расіі беларускія вайскоўцы змогуць асвойваць бронетраспарцёры БТР82А. Гэтыя машыны паступяць ва Узброеныя Сілы Беларусі ўжо сёлета, нагадалі ў Мінабароны.

Адзначым, у цяперашні час у Беларусі на палігоне "Асіповіцкі" праходзяць батальённыя вучэнні з удзелам каля 100 расійскіх дэсантнікаў.  З беларускага боку ў манеўрах удзельнічае адно з падраздзяленняў 103-й віцебскай асобнай гвардзейскай паветрана-дэсантнай брыгады. Вучэнні працягнуцца да 27 сакавіка і пройдуць у тры этапы. Мяркуецца, што іх удзельнікі адпрацуюць пытанні па вядзенні спецыяльных дзеянняў, пераадоленні воднай перашкоды з далейшым выхадам на этапы баявой стральбы днём і ноччу.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.