У маіх сілах вырашаць, як жыць — смела ці ціха: гісторыя марпеха Дыянава

Міхаіл Дыянаў пасля і да палону

23 верасня СМІ і сацсеткі абляцелі страшныя фота вызваленага з расійскага палону марпеха Міхаіла Дыянава. За 4 месяцы няволі рука абаронцы "Азоўсталі" не тое, што не зраслася — у ёй не хапае 4 см косці. Hromadske распавядае гісторыю Міхаіла, які марыў быць бас-гітарыстам, але знайшоў сябе ў войску.
 

Пайшоў не пісаць музыку, а ваяваць

"Мяне не здзівіла, што Міша пайшоў у войска. Падыход да працы ў яго быў такі. Ён сябе шукаў. Я разумеў, што сёння ён тут працуе, а заўтра ён мог усё кардынальна змяніць", — расказвае калега і сябар Міхаіла Уладзімір Гаўрылюк.

Яны знаёмыя ўжо 18 гадоў. Калісьці разам працавалі гандлёвымі агентамі ў адной з цярнопальскіх кампаній. І нават калі шляхі разышліся, сябры працягвалі стасункі.

У апошнія гады Уладзімір лячыў за мяжой дачку, хворую на лейкемію. Кажа, што Дыянаў нават з фронту адгукаўся: "Міша нам шмат чым дапамог. Пастаянна тэлефанаваў ці пісаў, цікавіўся, як мы. Казаў: “Я ваюю, ты дзіця лячы. Кожны павінен займацца сваёй справай”.

Уладзімір расказвае, што Міхаіл змяніў шмат прац: быў адміністратарам у Букавелі, у Чарнобылі, гандлёвым агентам у Цярнопалі.

"З боку выглядала, што ён камфортна адчувае сябе на любой працы. Але ў нейкі момант сказаў, што ўсё не яго", — узгадвае калега.

А потым аднойчы ўзяў і адправіўся ў войска. Гэтага ніхто не чакаў.

"Ён заўсёды, заўсёды хацеў зрабіць кар'еру музыкі, а менавіта бас-гітарыста. Я быў у шоку, калі даведаўся, што ён хоча ісці на вайну. Таму што ніколі з войскам не меў справы. Міша ніколі не быў да гэтага схільны, таму што ён чалавек творчы. А тут пайшоў не пісаць музыку, а ваяваць", — успамінае Ігар Шведзік, лепшы сябар Міхаіла.

З Міхаілам Ігарам знаёмы з канца 1990-х. Іх аб'яднала музыка. Тады Ігар таксама граў на гітары.

"Мы хадзілі ў Цярнопальскі гарадскі рок-клуб, былі аднымі з першых яго ўдзельнікаў. Падпольна, таму што быў яшчэ паўсавецкі саюз", — успамінае ён.

Міхаіл падчас сумесных выступаў на пачатку 2000 года / прадастаўлена Ігарам Шведзікам

Але апынулася, што салдата ў Міхаіле значна больш, чым бачылі яго сябры. "Ён да мозгу касцей вайсковец. Потым, калі ён у адпачынак прыходзіў, гаварыў, што ні секунды не пашкадаваў, што ў армію пайшоў", — расказвае Ігар.

Малодшая сястра Алена Лаўрушка кажа, што брат моцна змяніўся пасля Рэвалюцыі годнасці і пачатку вайны: "Тады ён зразумеў, што трэба ісці. Бо гэта не скончыцца ні сёння, ні заўтра. Усе бачылі, што ўсё гэта зацягваецца".
 

Іду туды, каб вам тут было спакайней

На фронт Міхаіл пайшоў добраахвотнікам, казаў: "Як я буду сядзець дома і назіраць склаўшы рукі?" Хаця ў паўсядзённым жыцці нічым ад іншых мужчын не адрозніваўся.

"Вядома, калі б не падзеі канца 2013-га — пачатку 2014 года, ніколі не падумала б, што ён пойдзе і на столькі гадоў свядома звяжа сябе з войскам. Памылялася", — гаворыць Алена.

Родным Дыянаў сказаў: "Я іду туды, каб вам тут было спакайней".

Спачатку пайшоў у 79-ю брыгаду, пазней стаў марскім пехацінцам 36-й брыгады, служыў пад Марыупалем. Быў перыяд, калі Міхаіл скардзіўся, што больш не можа і хоча дадому. Але прыязджаў у адпачынак на тыдзень-паўтара, а затым вяртаўся ў гарачыя кропкі.

Міхаіл Дыянаў / Facebook

Сапраўдны абаронца

Міхаілу 42, ён жыхар Цярнопаля. Скончыў музычную школу па класе фартэпіяна, аднак яго сапраўдная музычная жарсць — гэта гітара.

"Уначы разбудзіш, дасі гітару — ён будзе граць", — расказвае сястра.

А яшчэ ён захапляецца рыбалкай і любіць чытаць.

"Ён розны, творчы чалавек. Стрыманы, ніколі не скажа лішняга, ніколі не зробіць камусьці зла наўмысна. Але калі пайсці на яго са злом, ён сапраўды дасць здачы, не дасць пакрыўдзіць сябе, блізкіх. Вельмі начытаны, адукаваны, у яго ідэальны музычны слых, а гэта крута", — кажа сябар Ігар.
 

"У мяне ўсё добра, мы трымаемся"

Ва Украіне Міхаіл Дыянаў стаў вядомы пасля публікацый фатаграфій абаронцаў "Азоўсталі", якія зрабіў і выклаў у сеціва баец "Азова" Арэст, ён жа Дзмітрый Казацкі.

"Калі ўбачыла брата на фота, тэлефон выпаў з рук", — успамінае Алена.

Гэта адбылося праз два дні пасля SMS-паведамлення з чужога нумара, што Міхаіл жывы. Да гэтага ніякіх вестак пра яго не было больш за месяц.

Пасля 24 лютага Міхаіл кожны дзень спрабаваў патэлефанаваць ці напісаць: "жывы", "+", "усё добра". Сувязь з ім знікла цалкам 5 сакавіка.

"8 красавіка ён ператэлефанаваў майму мужу, але не сказаў, дзе ён і што з ім. Наступны званок быў 14 красавіка, спачатку мужу, потым мне. Тады мы даведаліся, што ён на “Азоўсталі”. Голас быў... Я вам не магу перадаць. Думала, такая кепская сувязь. Але гэта так Міхаіх гаварыў — з апошніх сіл”.

У той дзень родныя Міхаіла даведаліся, што ён быў паранены. У абедзвюх нагах кулявыя, косць правай рукі раздробненая.

Міхаіл Дыянаў на "Азоўсталі" / Дзмітрый Казацкі

У маіх сілах вырашаць, як жыць

"З 14 па 18 красавіка яшчэ была сувязь, званкі ці паведамленні. 18 красавіка — апошні дзень, калі ён быў у сеціве. Нават сёння заходжу ў гутарку, гляджу — нічога няма. А 8 траўня з чужога нумара мне прыйшло паведамленне: “З Мішам усё добра, жывы”.

Дзе менавіта Міхаіл Дыянаў знаходзіўся пасля выхаду байцоў з "Азоўсталі" ні сваякі, ні сябры не ведалі да 21 верасня, калі адбыўся самы буйны за час вайны абмен палоннымі, і ва Украіну вярнуліся 215 чалавек.

6 лютага 2020 года Міхаіл Дыянаў напісаў на сваёй старонцы ў фэйсбуку пост:

"Я магу памерці як і калі заўгодна — вырашаць не мне. Але ў маіх сілах вырашаць, як жыць. Смела ці ціха. Вось тут я проста ўсемагутны. Гэта відавочна. Гэта аксіёма. Калі ў свеце адбываецца што-небудзь кепскае, можна не рабіць нічога, а можна зрабіць нешта. Нічога я ўжо спрабаваў".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.