У Літве заявілі, што спецслужбы РБ і РФ актывізаваліся супраць саюзнікаў Украіны

У Літве заявілі, што спецслужбы РБ і РФ актывізаваліся супраць саюзнікаў Украіны

Дэпартамент дзяржбяспекі Літвы заявіў, што спецслужбы Беларусі і Расіі актывізаваліся супраць саюзнікаў Украіны. Літоўскіх грамадзян заклікаюць быць больш асцярожнымі на мяжы і ўстрымацца ад паездак без пільнай неабходнасці ў РБ і РФ, піша delfi.lt.

Як прыклад, прыводзіцца гісторыя, якая здарылася з адным з грамадзян Літвы. Мужчыну затрымалі, калі ён праз неабачлівасць парушыў парадак паводзін у памежнай зоне РФ. Літовец паведаміў пра здарэнне сваякам, а яны праінфармавалі літоўскіх памежнікаў. Пазней стала вядома, што яму надзелі на рукі кайданкі, завязалі вочы і кудысьці вывезлі. Па словах мужчыны, яго некалькі разоў агрэсіўна дапытвалі, выкарыстоўвалі фізічны (білі па галаве) і псіхалагічны ціск. Пасля перавозілі ў іншыя месцы, узялі адбіткі пальцаў, сфатаграфавалі, распраналі. На допытах расіяне патрабавалі падрабязную інфармацыю пра сям'ю, працу, сяброў, сувязі з літоўскімі дзяржустановамі. Праз два тыдні літоўца аштрафавалі, яму забаранілі ўезд у Расію на пяць гадоў.

Мяркуецца, што агрэсію расіян маглі выклікаць выказаныя грамадзянінам Літвы ў сацсетках словы падтрымкі Украіне і асуджэння дзеянняў РФ. Літоўскі бок на працягу двух тыдняў не мог атрымаць афіцыйнай інфармацыі пра лёс грамадзяніна, які апынуўся ў РФ пад арыштам без санкцыі суда. Літоўская дзяржбяспека папярэджвае сваіх грамадзян, што падчас паездак у Беларусь і Расію яны становяцца патэнцыйнымі мішэнямі для мясцовых спецслужбаў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі