Вы тут

У Літве сфармуюць камісію па блакаванні паставак электраэнергіі з БелАЭС

Беларуская АЭС / БЕЛТА

У Літве сфармуюць камісію па блакаванні паставак электраэнергіі з БелАЭС. Яе ўзначаліць прэм'ер-міністр Інгрыда Шыманіце. Адпаведнае рашэнне 13 студзеня прыняў літоўскі ўрад, перадае БелаПАН.

Згаданая камісія зоймецца каардынацыяй, забеспячэннем эфектыўнай сінхранізацыі энергасістэмы, павышэннем надзейнасці і бяспекі электрасеткі, а таксама мерамі па зніжэнні пагроз, што зыходзяць ад Беларускай АЭС. У Вільні лічаць, што прынятых Літвой мер па прадухіленні паступлення электраэнергіі з БелАЭС недастаткова. Там гавораць пра неабходнасць "абсалютнай блакады Астраўца". А пакуль прызнаюць, што "латвійцы гандлююць беларускай электраэнергіяй", хаця заяўлялі, што не будуць гэта рабіць.

Літва занепакоеная бяспекай Беларускай АЭС, пабудаванай недалёка ад літоўскай мяжы. Улады гэтай краіны неаднаразова заклікалі афіцыйны Мінск не запускаць першы энергаблок. Аднак ён ужо "выведзены на 100% магутнасці".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.