Вы тут

У Кобрыне з ЦРБ звольнілі педыятра: галоўны доктар палічыў "суткі" прагулам

Юлія Рафаловіч / "Аднакласнікі"

У Кобрыне "за прагулы" звальняюць доктара-педыятра Юлію Рафаловіч. Адміністрацыя ЦРБ, дзе яна працавала, палічыла суткі, якія актывістка правяла ў ізалятары, адсутнасцю на рабочым месцы з няўважлівай прычыны.

24 сакавіка Юлія разам з іншымі актывістамі хацела ўпрыгожыць гарадскі парк да Дня Волі. Жанчын затрымалі. Ужо 26 сакавіка доктарку асудзілі на сем сутак адміністрацыйнага арышту за "распаўсюд бел-чырвона-белых стужак і ўлётак".

Нягледзячы на тое, што сітуацыя з педыятрамі ў раёне далёка не ідэальная, галоўны доктар Кобрынскай ЦРБ Мікалай Брашко настаяў на звальненні Юліі Рафаловіч. Яна ўжо падпісала загад: 16 красавіка — яе апошні працоўны дзень у бальніцы.

— Ён [Брашко. — Еўрарадыё] задаў вельмі цікавае пытанне: “Вам што, дрэнна тут працуецца?" Я сказала, што мая праца мне падабаецца, — расказвае Еўрарадыё Юлія Рафаловіч. — "Чаму ж вы не выконваеце законы?" Я кажу: "Я нічога не парушала". Па сваім разважанні, я ніякіх парушэнняў не ажыццяўляла. Мая грамадзянская пазіцыя ніяк не адбіваецца на маёй працоўнай дзейнасці.

Еўрарадыё датэлефанавалася да Мікалая Брашко.

— На ўсякім прадпрыемстве павінна быць дысцыпліна, — адказаў ён на пытанне пра прычыны звальнення доктаркі. — Чалавек павінен быць на працы, не зрываць прыёму пацыентаў, аказваць медыцынскую дапамогу згодна з графікам. Я хачу, каб мае дактары прыходзілі на працу і пакідалі працу своечасова.

Еўрарадыё: Але ж яна адсутнічала на працы не па сваім жаданні.

— Вы што, са мной дыскусію збіраецеся зладзіць? Усе пытанні да Юліі Уладзіміраўны.

Мікалай Брашко / vkobrine.by

Петыцыя супраць звальнення Рафаловіч сабрала больш за 500 подпісаў. Галоўны доктар адказаў на яе, што прыняў аргументы да ведама. Але гэта не дапамагло медыку захаваць рабочае месца.

Адказ на петыцыю за подпісам Мікалая Брашко / Еўрарадыё

— Больш за ўсё засмучаныя бацькі маіх пацыентаў — расказвае Еўрарадыё Юлія Рафаловіч. — Ёсць таксама калегі, якія могуць мяне рэальна падтрымаць. Яны не баяцца за сваю прафесійную дзейнасць. Яны могуць нават выявіць жаданне напісаць заяву аб звальненні па ўласным жаданні.

На фоне заяў Мінздароўя пра тое, што ў Беларусі не стае каля 6,5 тысячы дактароў, звальненне педыятра з лякарні ў райцэнтры выглядае даволі дзіўна.

— Адзін участак у нас цалкам вольны. З маім звальненнем вызваляецца яшчэ адзін участак, — працягвае Рафаловіч. — У нас тры глыбокія пенсіянеры на 15 участкаў. Колькасць дзяцей на ўчастку ў нас не такая, якая павінна быць у адпаведнасці з заканадаўствам. Павінна быць 800 дзяцей на ўчастку, а ў нас больш за тысячу. У выпадку сыходу доктара трэба камусьці замяняць участак цалкам.

Наша работа вельмі аб'ёмная. У дадатак да ўсяго я падзарабляла ў стацыянары, дзе таксама не стае работнікаў. У нас ёсць яшчэ дзіцячая бальніца, у якой педыятры, участковыя ажыццяўляюць дзяжурствы.

Праца на паўтары стаўкі дазваляла Юліі атрымліваць ад 1000 да 1200 рублёў у месяц. Гэта з выплатамі за "ўчастковасць", вялікі стаж працы і іншымі надбаўкамі. Паводле яе слоў, новую працу па спецыяльнасці ў Брэсцкай вобласці знайсці будзе няпроста: і ў дзяржаўных і ў прыватных медустановах звяртаюць увагу на "народны артыкул".

— Я галоўнаму доктару выказала думку, маўляў, "вы мяне пазбаўляеце сродкаў да існавання". На што ён мне адказаў: "А як я вас пазбаўляю?"

Юлія Рафаловіч у час суда / "Новы Час"

Сем сутак у ізалятары і звальненне не зламалі жанчыну. Здраджваць сваім жыццёвым прынцыпам яна не збіраецца:

— Грамадзянская пазіцыя памяняцца не можа, таму што я чалавек сумленны. Я не магу змяніцца нават праз нейкі ціск, цкаванне, пераследы. Я бачу, што трэба нешта мяняць, таму што пацярпеў першапачаткова і мой сын. Я бачу ўсё, што адбываецца, і мне балюча, сэрца разрываецца на часткі. Улічваючы, што я яшчэ і медыцынскі работнік, я бачу, якую інфармацыю мае калегі падаюць пра гвалт, пра безмеж, пра жорсткасць — гэта, вядома, страшна.

Юлія Рафаловіч — не першы ўдзельнік беларускіх пратэстаў, якога звольнілі праз "прагул", які прыпаў на суткі адміністрацыйнага арышту. Яшчэ адзін прыклад — выкладчык ФІТР БНТУ Віктар Іванчанка. У яго выпадку пропускам заняткаў з няўважлівай прычыны палічылі дзевяць дзён, якія выкладчык адседзеў у ізалятары ў Жодзіне.

Іванчанка спрабаваў аспрэчыць звальненне ў судзе. Але суддзя прыняў бок працадаўцы.

— Суд прызнаў, што калі я знаходзіўся пад арыштам, то гэта няўважлівая прычына [для пропуску заняткаў]. Але я ж не мог пярэчыць патрабаванню суда аб арышце, маўляў, прабачце, у мяне ж праца, як гэта вы мяне арыштуеце? — абураўся выкладчык. Ён працягвае судзіцца з універсітэтам праз страту працы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.