У ГУБАЗіК заявілі, што 79% пратэстоўцаў, якіх шукалі, паспелі выехаць за мяжу

Сілавікі агучылі вынікі двухгадовых рэпрэсій супраць удзельнікаў масавых пратэстаў у Беларусі. Намеснік начальніка Галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй МУС Міхаіл Бедункевіч у інтэрв'ю sb.by заявіў, што 79% пратэстоўцаў, якіх шукалі, паспелі выехаць за мяжу. Паводле яго слоў, 58 груп грамадзян прызнаныя "экстрэмісцкімі фарміраваннямі", а 448 чалавек трапілі ў спіс тых, хто "мае дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці".

Большасць "злачынстваў пратэснай накіраванасці" былі "здзейснены з выкарыстаннем інтэрнэту": у 2020-2021 гадах гэта 58%, а ў 2022 годзе — 83%.

Сцвярджаецца, што было затрымана больш за 100 удзельнікаў плана "Перамога" BYPOL. Нават калі гэта адпавядае сапраўднасці, то сілавікі выявілі зусім нязначны адсотак падпольшчыкаў. Прадстаўнікі BYPOL заяўляюць пра сотні тысяч беларусаў, якія гатовыя да дзеяння.

Да вынікаў працы ГУБАЗіК Бедункевіч адносіць "амаль 500 тысяч адпісак ад асноўных дэструктыўных тэлеграм-каналаў", якія адбыліся падчас рэпрэсій у 2020-2021 гадах. Праўда, прызнае, што з пачаткам вайны ва Украіне беларусы зноў сталі больш чытаць тыя самыя тг-каналы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.