Вы тут

У Глуску аўтамабіль заехаў у натоўп — пацярпелі пяць чалавек

У выніку наезду на людзей, якія стаялі на тратуары, пацярпелі пяць чалавек / @pressmvd​

У Глуску кіроўца аўтамабіля Audi выехаў на тратуар і ўрэзаўся ў натоўп людзей, якія стаялі ля ўваходу ў кавярню, паведамляе прэс-служба МУС. Інцыдэнт адбыўся ўначы 4 красавіка. 

Пацярпелі пяць чалавек, аднаго з іх давялося шпіталізаваць.  

У міліцыі высветлілі, што перад тым як сесці за руль і здзейсніць наезд, кіроўца Audi адпачываў у гэтай кавярні і пасварыўся з іншымі гасцямі.   

"Мяркуецца, што гэта і стала прычынай наезду на людзей", -— кажуць у праваахоўных органах.

Пасля здзяйснення ДТЗ мужчына паспрабаваў уцячы. У пагоню за Audi выехаў нарад ДАІ.  На сігналы з патрабаваннем спыніцца кіроўца не рэагаваў. Іншамарку ўдалося перахапіць толькі за 10 кіламетраў ад Глуска.

За рулём аказаўся 34-гадовы жыхар Бабруска. Ад медасведчання ён адмовіўся. Па факце наезду на людзей была распачатая крымінальная справа па артыкуле "Замах на забойства".

У МУС таксама распавялі, што затрыманы мужчына раней ужо быў судзімы за хуліганства і неаднаразова прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.