У гэты дзень была прынятая дэкларацыя аб дзяржаўным суверэнітэце БССР

Парламент Беларусі 32 гады таму вітаў прыняцце дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце БССР.

На першай паласе "Советской Белоруссии" гэтую падзею назвалі такой, якая "ўваходзіць у гісторыю". У гэтага дня былі ўсе шанцы стаць такім: яго абвясцілі Днём Незалежнасці і пастанавілі штогод адзначаць "як дзяржаўнае, агульнанароднае свята Беларусі".
 

Але спачатку — жорсткія спрэчкі

Перш чым парламентарыі прыйшлі да згоды і прынялі дакумент, яны адчайна спрачаліся.

Камісія па падрыхтоўцы праекта дакумента засядала восем разоў і нарэшце ўнесла праект Дэкларацыі на разгляд у першым чытанні. Яе прадставіў Мікалай Дземянцей. Менавіта ён раней напісаў у Вярхоўны Савет запіску, у якой матываваў неабходнасць прыняцця гэтага дакумента. Яе асноўныя палажэнні ўвайшлі ў тэкст праекта.

Потым дэпутаты выслухалі канцэпцыю, прапанаваную БНФ "Адраджэнне" — яе выклаў дэпутат Зянон Пазняк. Як пазней успамінаў Станіслаў Шушкевіч, БНФ пачала рыхтаваць праект Дэкларацыі яшчэ вясной.

Вярхоўны Савет азнаёміўся і з трэцім варыянтам праекта, які падпісаў 21 дэпутат.

Станіслаў Шушкевіч тады заўважыў, што прапанаваны камісіяй Вярхоўнага Савета БССР праект увабраў прапановы ад самых розных бакоў — партыі БНФ, дэпутацкага клуба і асобных дэпутатаў. У ім ўвасобіліся важныя і прагрэсіўныя ідэі: бяз'ядзернасць, нейтралітэт, вяршэнства закона.

Дэпутат Аляксандр Лукашэнка тады прапаноўваў ісці да сваёй дзяржаўнасці спакойна, натуральна і без рыўкоў.
 

Больш ніхто не мог выступаць ад імя народа

Калі Дэкларацыю ўсё ж прынялі, яна замацавала наступнае: ні партыя, ні грамадская арганізацыя, ні асобныя людзі не могуць выступаць ад імя народа Беларускай ССР. Права на гэта атрымліваў толькі Вярхоўны Савет рэспублікі.

Менавіта Дэкларацыяй у краіне ўсталёўвалася вяршэнства Канстытуцыі і законаў. Зямля, яе нетры, паветраная прастора абвяшчаліся ўласнасцю народа.

Абвяшчалася, што Беларусь ставіць за мэту зрабіць сваю тэрыторыю бяз'ядзернай зонай. Рэспубліка мае намер стаць нейтральнай дзяржавай, але мае права на ўласныя ўзброеныя сілы, унутраныя войскі, органы дзяржаўнай і грамадскай бяспекі, права кантролю над якімі мае Вярхоўны Савет.

Пасля ўсіх спрэчак Дэкларацыя была прынятая. У наступным нумары "Советской Белоруссии" яе тэкст апублікавалі на першай паласе.

Падрабязней пра тое, як прымалі дэкларацыю, можна прачытаць тут.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.