У Германіі абвясцілі рэжым трывогі праз скарачэнне запасаў газу

Рэжым папярэджання (першую ступень аварыйнага плана) нямецкія ўлады актывавалі яшчэ ў канцы сакавіка / br.de
Рэжым папярэджання (першую ступень аварыйнага плана) нямецкія ўлады актывавалі яшчэ ў канцы сакавіка / br.de

У Германіі актывавалі так званы рэжым трывогі — гэта другая ступень аварыйнага плана, які быў распрацаваны на выпадак праблем у газавай сферы. Пра ўвядзенне рэжыму трывогі ў чацвер заявіў віцэ-канцлер Роберт Хабек, піша Deutsche Welle. На гэты крок ураду давялося пайсці праз скарачэнне паставак расійскага газу.

"Мы знаходзімся ў стане газавага крызісу. З гэтага часу газ — гэта дэфіцытны тавар. Цэны ўжо сёння высокія, і нам варта падрыхтавацца да іх далейшага павышэння", — папярэдзіў Хабек. Пры гэтым скарачэнне расійскіх паставак ён назваў "эканамічнай атакай" на Германію.

Аварыйны план прадугледжвае, што другая ступень ўводзіцца пры ўзнікненні перабояў з газазабеспячэннем альбо надзвычай высокім попыце на газ. Мяркуецца, што на гэтым этапе рынак яшчэ здольны справіцца з праблемамі самастойна. Пры гэтым пастаўшчыкі газу пакуль не атрымалі права перакладаць рост цэн на спажыўцоў. 

Калі сітуацыя будзе пагаршацца, то нямецкія ўлады будуць вымушаныя перайсці да трэцяй ступені і абвясціць надзвычайную сітуацыю. Гэта адбудзецца, калі забеспячэнне газам так пагоршыцца, што давядзецца ўмяшацца дзяржаве.

Першую прыступку аварыйнага плана — рэжым папярэджання — нямецкія ўлады актывавалі яшчэ ў канцы сакавіка.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі