У Дняпры і Запарожжы дзецям раздалі рэчы Вікторыі Азаранка

Вікторыя Азаранка / reuters.com

Ва Украіне дзецям, якія займаюцца тэнісам, раздалі рэчы Вікторыі Азаранка. Раней яна перадала іх украінскаму тэнісісту Сяргею Стахоўскаму.

"Яна мне перадала сумку рэчаў Nike, непасрэдна яе рэчаў, цытуе словы Стахоўскага btu.org.ua. — Доўгі час я не мог іх прымяніць, бо не было нейкіх майстар-класаў і не хацелася іх раздаць проста так. Нарэшце яны даехалі да Дняпра і Запарожжа — сёння я іх раздаў. Галоўнае, што дзецям гэта вялікі кайф, таму што гэта рэчы непасрэдна яе, гэта значыць яны нясуць вялікую тэнісную каштоўнасць для дзяцей. Таму я ўпэўнены, што гэта падыме ім настрой".

Сяргей Стахоўскі кажа, што з Вікторыяй Азаранка размаўляў на адкрытым чэмпіянаце Францыі. "Яна была адзіным чалавекам, хто да мяне падышоў, пачаў пазмаўляць і суперажываць, — расказвае ўкраінец. — Яна практычна пачала там плакаць з-за таго, што гэта ўсё адбываецца [вайна ва Украіне] і яна не ведае, што ёй рабіць і як ёй рэагаваць. Яна спытала, што яна можа зрабіць, і я ёй адказаў, што яна можа данаціць грошы, перадаваць рэчы: "Усё, што можаш рабіць, то і рабі".

Дзецям падарункі ад беларускі спадабаліся, дадаў тэнісіст.

У жніўні Вікторыю Азаранка не дапусцілі да ўдзелу ў дабрачынным матчы ў ЗША ў падтрымку Украіны. А на адкрытым чэмпіянаце ЗША ўкраінка Марта Касцюк не паціснула ёй руку.

Стаховский раздает подарки / btu.org.ua
btu.org.ua

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.