Вы тут
У "Белкнізе" "1984" Оруэла знялі з продажу, але шмат кніг "Янушкевіча"

"1984" Оруэла ў Мінску ледзь знойдзеш / Еўрарадыё
Дзяржпрапаганда спрабуе даказаць, што Мінінфарм Беларусі не забараніў кнігу-антыўтопію "1984" Джорджа Оруэла. Маўляў, кніга не небяспечная, чытайце што хочаце.
Быў загад забараняць ці не — мы не ведаем, але адно вядома дакладна: "Белкніга" прыбрала "1984" са сваіх паліц. Прадаўцы толькі разводзяць рукамі — "прычына нам невядомая". Яшчэ пару дзён таму кніга была, а цяпер няма.
Чытачы Еўрарадыё пабывалі ў некалькіх гандлёвых пунктах "Белкнігі". Оруэла там хоць адбаўляй, але "1984", якая расказвае пра свет татальнай несвабоды і тыраніі, не знайшлося.

У адной з дзяржаўных кнігарняў (не ў "Белкнізе") засталося два асобнікі "1984", астатнія чытачы размялі за некалькі дзён.
— Мы чулі інфармацыю, што "Белкніга" вяртае "1984" у продаж, — кажа прадавец дзяржкнігарні, у якой знайшліся дзве кнігі-"забаронкі" ад Оруэла. — У мяне іх [кнігі "1984"] раскупілі як гарачыя піражкі, засталося толькі дзве. Учора сапраўды іх прадавалі толькі мы. Наконт таго, ці будзем здымаць з продажу — не магу сказаць, гэта вельмі непрадказальна.

У прыватных кнігарнях "1984" сустракаецца куды часцей, і нават у цвёрдым пераплёце. Тыя прыватнікі, у якіх оруэлаўскай антыўтопіі на паліцах не знайшлося, тлумачаць гэта тым, што кніга даўно скончылася на складзе і больш пакуль не завезлі. Але прадаваць "1984" яны плануюць і далей.

Янушкевіч перамагае дзяржпрапаганду
Не паспеў кнігавыдавец Андрэй Янушкевіч адкрыць у Мінску кнігарню "Кнігаўка", як на яго накінуліся дзяржСМІ. Прапагандыстаў абурыла, што Янушкевіч прадае кнігі пра Беларусь, ды яшчэ і на беларускай мове. Маўляў, палюбуйцеся — ды там жа архіўныя фатаграфіі фашыстаў і непахвальна пра Суворава адгукаюцца!

Прапагандысты, здаецца, не зразумелі, што ілюстрацыі і змест навуковых і гістарычных кніг можа не супадаць з іх светапоглядам. Пасля візіту недажурналістаў у "Кнігаўку" Андрэя Янушкевіча арыштавалі па ўсіх канонах оруэлаўскай антыўтопіі.
Але справа Янушкевіча жыве: кнігі ягонага выдавецтва ўпрыгожваюць паліцы дзяржаўных і прыватных беларускіх кнігарняў. І нікуды адтуль, па заявах прадаўцоў, знікаць не збіраюцца.




Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.