У Беларусі затрымалі палітвязня, якога раней дэпартавалі ў Расію

У Беларусі затрымалі палітвязня, якога раней дэпартавалі ў Расію

У Паставах 13 красавіка затрымалі былога палітвязня Андрэя Новікава, паведамляе тг-канал @strana_official. Летась ён праходзіў па справе блогера Сяргея Ціханоўскага, правёў за кратамі сем месяцаў. У канцы 2020-га Новікава раптоўна вывезлі ў Расію з забаронай вяртацца 10 гадоў.

Новікаў — ураджэнец Беларусі (з Варапаева на Пастаўшчыне), але працяглы час жыў у Расіі, служыў у міліцыі, ваяваў на Каўказе (падпалкоўнік у адстаўцы), мае грамадзянства РФ. Ён вярнуўся на радзіму, займаўся фермерствам. Удзельнічаў у стрыме Ціханоўскага, расказваў і паказваў, што сталася з Варапаева за апошнія дзесяцігоддзі (на відэа), а пасля збіраў подпісы за Святлану Ціханоўскую. Андрэя Новікава затрымалі 6 чэрвеня і прывезлі ў Мінск у СІЗА № 1. Яго абвінавацілі ў "арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак" (ч. 1 арт. 342 КК).

Пасля дэпартацыі ў Расію Новікаў заявіў, што яго сям'я "засталася ў якасці закладнікаў". У яго на Пастаўшчыне жывуць жонка і дзве дачкі, адна з іх інвалід. Былы палітвязень рызыкнуў і прыехаў да іх. Але гэта было заўважана. Папярэдне яму інкрымінуюць арт. 371 КК "Незаконнае перасячэнне дзяржаўнай мяжы Рэспублікі Беларусь". Чакаецца, што 16 красавіка Андрэю Новікаву выставяць абвінавачванне.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі