У Беларусі з 2020-га пратэстоўцаў аштрафавалі на больш за мільён долараў

Споўніліся два гады з часу прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі ў 2020-м. Тады ж пачаліся масавыя пратэсты, а з імі і рэпрэсіі, якія не спыняюцца дагэтуль. Беларускія праваабаронцы апублікавалі статыстыку. З яе вынікае, што з 9 жніўня 2020 года па адміністрацыйных справах у нашай краіне было затрымана не менш за 40 тысяч чалавек. Пратэстоўцаў агулам аштрафавалі на больш за мільён долараў ($1 165 264). Ёсць інфармацыя пра амаль 12 тысяч судовых палітычных працэсаў, па якіх 7521 чалавек быў асуджаны на арышт, а 4403 чалавекі аштрафаваныя.

За два гады ў РБ распачалі больш за 5 тысяч "пратэсных" крымінальных спраў. Па іх праходзіла больш за 3 тысячы чалавек. Некаторыя з іх асуджаны, іншыя, як палітвязень Эдуард Бабарыка, працягваюць за кратамі чакаць вырашэння свайго лёсу. У Беларусі на сённяшні дзень налічваецца 1262 палітычных зняволеных.

Праваабаронцы адзначаюць, што гэтыя даныя могуць быць няпоўнымі, паколькі ім паведамляюць не пра ўсе факты рэпрэсій.

@viasna96

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.