Вы тут

У Беларусі патаннелі гатэлі. Паглядзелі, што па якіх цэнах прапануюць

Гатэль "Мінск"/ tobelarus.by

Праз пандэмію каранавіруса ў 2020 і 2021 гадах гатэльнаму бізнесу даводзілася няпроста. А ў Беларусі ён і зусім амаль замёр. Праз два гады рынак паволі пачаў апрытомніваць. З 3 красавіка ў Беларусі знятыя ўсе абмежаванні на перасячэнне мяжы, уведзеныя праз каранавірус.

Але спецыялісты, якія працуюць у гатэльнай сферы, не бяруцца рабіць доўгатэрміновыя прагнозы.

Па звестках Белстата, у Беларусі цяпер працуе 592 гатэлі. У Мінску іх больш за 50. Штодня гатэлі могуць размясціць 37 654 чалавекі.

Як расказала начальніца аддзела развіцця гандлю і паслуг дзяржаўнага аб'яднання "Сталічны гандаль і паслугі" Анастасія Макарская, у беларускіх гатэлях значна павялічылася загрузка, таму што стала больш турыстаў у краіне.

За студзень — чэрвень 2022 года ў Мінску яна дасягнула 39,6%. У тым ліку і па камунальных гатэлях — 42%. Калі параўноўваць з паказчыкамі мінулага года, то гэта вышэй на 7 і 8 адсоткавых пунктаў. У ліпені ўсе гатэлі Мінска былі ў сярэднім загружаныя на 62%, камунальныя — на 68%.

Нумары бранююцца максімум на 30 дзён наперад. На глыбіні бранявання, па словах Анастасіі Макарскай, адбіваюцца знешнія фактары, на якія не можа паўплываць бізнес.

Калі прааналізаваць першае паўгоддзе 2022 года, выявіцца, што ў беларускіх гатэлях 62,7% — гэта замежнікі. З іх 70% — грамадзяне Расіі. Астатнія турысты з Кітая, Латвіі і Літвы.

За студзень — чэрвень зарабілі на паслугах 4,4 мільёна долараў. Гэта на 75% больш, калі параўноўваць з аналагічным перыядам мінулага года.

Анастасія Макарская кажа, што беларускія гатэлі істотна знізілі тарыфы на пражыванне. Дзесьці на 30–50% у адносінах да расцэнак, якія былі да крызісу. Паводле яе слоў, у гатэлях з дзвюма зоркамі тарыфы складалі ў сярэднім 18 долараў (прыкладна 45,75 рубля) за нумар, у трохзоркавыхда 36 долараў (91,5 рубля), у гатэлях з чатырма зоркамі сярэдні цэннік складае 50 долараў (127 рублёў), а ў пяцізоркавых120 долараў (304,99 рубля).

Еўрарадыё паглядзела, якія нумары і па якіх канкрэтна цэнах прапануюць беларускія гатэлі розных катэгорый. Некаторыя моцна здзівілі.

East Time Hotel, аднамесны нумар за 62,38 рубля ў суткі
East Time Hotel, аднамесны нумар за 62,38 рубля ў суткі

У мінскім гатэлі East Time Hotel, у якога дзве зоркі, можна засяліцца ў аднапакаёвы аднамесны нумар за 62,38 рубля ў суткі.

East Time Hotel, чатырохмесны двухпакаёвы нумар за 167,83 рубля

Двухпакаёвы чатырохмесны каштуе ад 116,83 рубля, калі засяляешся адзін. Пры засяленні 4 чалавек ён будзе каштаваць 167,83 рубля.

BonHotel, стандартны аднамесны нумар за 156,03 рубля

BonHotel, у якога таксама тры зоркі, цяпер прапануе зніжкі на свае нумары. Стандартны аднамесны нумар без іх абыдзецца ў 156,03 рубля ў суткі, а са зніжкай — у 140,43 рубля.

BonHotel, нумары-студыі за 219,50 рубля

Тут ёсць нумары-студыі. Такі без зніжкі прапануюць за 219,50 рубля ў суткі. А са зніжкай — за 197,55.

У гатэлі "Беларусь" (тры зоркі) таксама ў Мінску аж 444 нумары розных катэгорый. Цэны за суткі на аднамесныя стандартныя нумары пачынаюцца ад 129,20 рубля.

“Беларусь”, стандартны аднамесны нумар ад 129,20 рубля

Тут можна пасяліцца і ў апартаментах. Цэны — ад 571,20 рубля. Гэта ў суткі.

"Беларусь", апартаменты за 571,20 рубля
"Беларусь", апартаменты за 571,20 рубля

Яшчэ адзін трохзоркавы сталічны гатэль "Турыст" прапануе аднамесныя стандартныя нумары за 92 рублі ў суткі.

"Турыст", аднамесны стандартны нумар за 92 рублі ў суткі

А вось люкс з адным двухспальным ложкам каштуе ў два разы даражэй — 184 рублі. У апісанні сказана, што гэта двухпакаёвы нумар плошчай 32 метры квадратныя з выгодамі, аформлены ў класічным стылі.

"Турыст", люкс за 184 рублі

У чатырохзоркавым гатэлі "Мінск" двухмесны стандартны нумар з двухспальным ложкам можна забраняваць на суткі па цане ад 176,80 рубля.

"Мінск", двухмесны стандарт ад 176,80 рубля

Для аматараў раскошы ёсць прэзідэнцкі нумар па цане ад 661,60 рубля. У яго апісанні сказана, што ён "адпавядае патрабаванням гасцей, якім уласцівая перавага ва ўсім".

"Мінск", прэзідэнцкі нумар ад 661,60 рубля

Паглядзелі мы расцэнкі і ў пяцізоркавым гатэлі "Пекін". Стандартны аднамесны нумар каштуе ад 339,10 рубля ў суткі. Нумар класа "бізнес" — 456,6 рубля.

"Пекін", стандартны аднамесны нумар за 339,10 рубля
"Пекін", стандартны аднамесны нумар за 339,10 рубля
"Пекін", нумар класа "бізнес" — 456,6 рубля

За люкс тут просяць ад 1068 рублёў у суткі.

"Пекін", люкс за 1068 рублёў

Для параўнання паглядзелі цэны ў гатэлях двух райцэнтраў. У Салігорску ў гатэлі "Алеся" — ён чатырохзоркавы — аднамесны нумар "эканом" каштуе ад 120 рублёў у суткі.

"Алеся", аднамесны нумар "эканом" ад 120 рублёў

Двухмесны нумар палепшаны — ад 200 рублёў. Даражэй за ўсё каштуе люкс "Вясельны" — ад 250 рублёў у суткі.

"Алеся", люкс "Вясельны" — ад 250 рублёў у суткі

Здзівілі цэны на нумары ў гатэлі "Журавінка" ў Хойніках.

Гатэль "Журавінка" ў Хойніках

Мы паспрабавалі датэлефанавацца туды, каб пераканацца ў іх актуальнасці, але нумары, пазначаныя ў інтэрнэце, увесь час занятыя.

Сайт па пошуку гатэляў выдае, што двухмесны нумар там каштуе 39 долараў (99,12 рубля). Ёсць там нават апартаменты за 100 долараў (254 рублі).

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.