Вы тут

У Беларусі на прысутнасць заходніх дыпламатаў у судах рэагуюць так, як і ў Расіі

Бяспека ў будынку, дзе судзяць Віктара Бабарыку / БЕЛТА

Прэс-сакратар МЗС Беларусі Анатоль Глаз выказаўся наконт прысутнасці замежных дыпламатаў на гучных судовых працэсах у нашай краіне. Ён лічыць яе "неабгрунтаванай" у выпадку, калі суды не датычаць іх грамадзян. Глаз бачыць "спробу ўкаранення заходнімі краінамі новай практыкі — практыкі ўздзеяння на суд праз дыпламатаў", "спробу прыхаванага ўдзелу ў прыняцці судовага рашэння шляхам аказання ціску на суд".

"Гаворка ідзе пра дэ-факта ціску на суд з боку замежнай дзяржавы, — працягвае прэс-сакратар МЗС. — Дадзеная практыка з'яўляецца непрымальнай для любой суверэннай дзяржавы як з пункту гледжання недапушчальнасці ўмяшання ва ўнутраныя справы, так і з пункту гледжання недапушчальнасці парушэння незалежнасці судовай улады".

Анатоль Глаз бачыць у гэтым "злоўжыванне дыпламатычным статусам", "спланаваныя PR-акцыі калектыўнага наведвання судовых працэсаў".

МЗС Беларусі "пакідае за сабой права спыняць такія спробы з выкарыстаннем усіх юрыдычных магчымасцяў, у адпаведнасці з нацыянальным заканадаўствам i міжнародным правам".

У лютым 2021-га ў расійскім МЗС прысутнасць заходніх дыпламатаў на судзе Аляксея Навальнага расцанілі як "умяшальніцтва ва ўнутраныя справы Расіі". І ў прэс-службе МЗС РФ, і ў прэс-службе расійскага прэзідэнта заяўлялі пра спробы ціску на суд.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.