У Беларусі хочуць выпускаць аналагі дарагога імпартнага спартыўнага абсталявання

Міністр спорту і турызму Беларусі Сяргей Кавальчук з песімізмам глядзіць у будучыню. Ён лічыць, што санкцыі, уведзеныя супраць спартсменаў з нашай краіны і Расіі, могуць дзейнічаць яшчэ некалькі гадоў. "Калі сам прэзідэнт МАК ездзіць у зону баявых дзеянняў і робіць нейкія заявы, на жаль, тэндэнцыя відавочная, кажа Кавальчук. — За гэтым могуць быць далейшыя крокі па дыскрымінацыі атлетаў".

У сераду ў Гродне прайшла сумесная калегія спартыўных ведамстваў РБ і РФ. На ёй Сяргей Кавальчук паабяцаў, што ў бліжэйшы час  у гэтых краінах наладзяць "імпартазамяшчэнне спартыўнага абсталявання". У гэтым ён аптыміст, паколькі гаворка ідзе пра "выпуск аналагаў дарагога імпартнага спартыўнага абсталявання". А з "імпартазамяшчэннем" праблемы і ў Беларусі, і ў Расіі.

Міжнародны алімпійскі камітэт даў рэкамендацыю спартыўным федэрацыям не дапускаць да турніраў спартсменаў з Беларусі і Расіі неўзабаве пасля пачатку расійскай агрэсіі супраць Украіны. Нядаўна прэзідэнт МАК Томас Бах наведаў Украіну і заявіў, што яго арганізацыя па-ранейшаму выступае супраць удзелу беларускіх і расійскіх спартсменаў у міжнародных спаборніцтвах. А міністры спорту 35 краін свету патрабуюць прыпыніць сяброўства РБ і РФ у міжнародных спартыўных арганізацыях, а іх прадстаўнікоў пазбавіць там пасадаў, забараніць у гэтых краінах трансляцыі міжнародных спартыўных спаборніцтваў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.