Вы тут

У БДУІР ад COVID-19 памёр загадчык кафедры, студэнты масава хварэюць

БДУІР часта называюць галоўнай IT-ВНУ краіны​

Універсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі (БДУІР) цяжка перажывае пандэмію каранавіруса. Нядаўна ад COVID-19 памёр загадчык кафедры інжынернай псіхалогіі і эрганомікі Канстанцін Яшын. Тэлеграм-канал "Мірны БДУІР" піша, што ён захварэў у канцы снежня, сышоў на бальнічны, але хвароба прыняла цяжкую форму.

Смерць загадчыка кафедры Еўрарадыё пацвердзілі супрацоўнікі ўніверсітэта. Яны кажуць, што з лета, калі стала набіраць сілу другая хваля пандэміі, у ВНУ памерла некалькі выкладчыкаў.

"Хтосьці ад інсульту, але быў з кавідам. Яшчэ — з анкалогіяй, але там таксама мог быць каранавірус", — расказала нам крыніца, знаёмая з сітуацыяй.

У шэрагу супрацоўнікаў БДУІР ахвярамі каранавіруса сталі сваякі. Студэнты таксама шмат хварэюць. Але інфармацыі пр смяротныя зыходы пакуль няма.

"Найгоршая сітуацыя на ФІТУ [факультэце інфармацыйных тэхналогій і кіравання]. Дэкан кавід адмаўляе, таму студэнтаў не адпускалі нават на каранцін. У некаторых групах больш чым палова хварэла, а астатнія прыходзілі на пары, таму што іх правяралі кожны дзень", — распавядае яшчэ адна крыніца ў ВНУ.

На "дыстанцыёнку" не адпускалі і на іншых факультэтах універсітэта. Рэктарат у сітуацыю, сцвярджаюць крыніцы, не ўмешваецца.

"Калі ў групе быў хворы — нават тады адміністрацыя не адпускала групу на дыстанцыйнае навучанне. Выкладчыкі з прыкметамі кавіду ходзяць на працу. Але затое бескарысны (на фоне гэтага ўсяго) масачны рэжым яны ўвялі", — наракае адзін з нашых суразмоўцаў.

У цэлым размах пандэміі ў ВНУ суразмоўцам ацаніць цяжка, але яны сцвярджаюць: сітуацыя сур'ёзная.

На сайце ВНУ можна знайсці таксама спачуванні ў сувязі са смерцю дацэнта кафедры інфакамунікацыйных тэхналогій Уладзіміра Урадава. У канцы снежня не стала і дацэнта кафедры праграмнага забеспячэння інфармацыйных тэхналогій Ліліі Глухавой. У абодвух выпадках прычыны смерці не называюцца.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.