У Аўтуховіча пасля спынення сухой галадоўкі не запрацаваў страўнік

Мікалай Аўтуховіч спыніў сухую галадоўку і пачаў піць 1 жніўня — гадаоўку ён трымаў 21 дзень. У той жа дзень яму паставілі кропельніцу, і ставяць цяпер штодня. Таксама ён пачаў ужываць дзіцячае харчаванне.

Але ягоны страўнік не запрацаваў. Пра гэта вязень паведаміў сваякам, перадае Радыё "Свабода".

Медыцынская абследаванне, праведзенае 27 ліпеня, выявіла, што ў Аўтуховіча пачалі разбурацца ныркі, ёсць змяненні ва ўнутраных органах, моцнае абязводжванне арганізма. Паведамляецца, што вязень мае павышанае ўтрыманне цукру ў крыві, нізкі ціск, павышаны пульс. Ён адчувае моцную слабасць, у яго кружыцца ў галаве, ад яго ідзе пах ацэтону, запалі вочы.

Ён сам можа хадзіць, аднак ледзь перасоўваецца. Паведамляецца, што вязень здолеў прыйсці на сустрэчу з адвакатам. Раней ад такіх сустрэч ён адмаўляўся, бо ня меў сілы дайсці.

Паведамляецца, што напрыканцы галадоўкі яму перадалі ліст ад маці. Не выключана, што гэта стала прычынай спынення галадоўкі, але дакладна прычыну Аўтуховіч не назваў. Яшчэ адзін ліст ад маці яму перадалі ўчора.

Саму галадоўку вязень абвяшчаў на знак пратэсту супраць таго, што яму перасталі перадаваць лісты, у тым ліку ад маці.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.