У адміністрацыі прэзідэнта расказалі, чаму адмовілі ў памілаванні Сафіі Сапега

Сафія Сапега / ТАСС
Сафія Сапега / ТАСС

Намеснік кіраўніка адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі Вольга Чупрыс растлумачыла, чаму было прынятае рашэнне адмовіць Сафіі Сапега ў памілаванні. "Адмоўлена цалкам законна. Каб адбыўся акт памілавання, неабходна выканаць шэраг умоў", — заявіла Чупрыс.

Сапега, па яе словах, не адбыла нават паловы тэрміну, хоць і ў гэтым выпадку яна магла звярнуцца з прашэннем. Больш за тое, у Лукашэнкі "было права памілаваць і ў гэтым выпадку. Але калі ацэньваць у цэлым усе крытэрыі, то ў дадзеным выпадку выключэнняў, якія б паслужылі падставай для таго, каб кіраўнік дзяржавы прыняў такое рашэнне, не было", — цытуе Чупрыс БЕЛТА. Пры гэтым яна падкрэсліла, што ў камісіі не могуць ацэньваць пазіцыю і меркаванне Лукашэнкі "па гэтым пытанні".

Сафію Сапега затрымалі ў траўні 2021 года разам з Раманам Пратасевічам. Яны знаходзіліся на борце пасажырскага самалёта авіякампаніі Ryanair, які ляцеў з Грэцыі ў Літву. Гэты самалёт вымушана прызямліўся ў Мінску. У траўні 2022-га Гродзенскі абласны суд асудзіў дзяўчыну на 6 гадоў калоніі агульнага рэжыму. Сафію прызналі вінаватай паводле сямі артыкулаў Крымінальнага кодэкса ("распальванне сацыяльнай варожасці", " незаконныя дзеянні ў дачыненні да інфармацыі аб прыватным жыцці..." і г.д.). Яна адміністравала Telegram-канал, дзе публікаваліся асабістыя дадзеныя беларускіх сілавікоў.

Сапега звярталася з прашэннем аб памілаванні. У пачатку восені адміністрацыя калоніі давала станоўчае заключэнне па хадайніцтве расіянкі. Канчатковае рашэнне павінна была прыняць камісія па пытаннях памілавання пры Аляксандры Лукашэнку. Але ў сярэдзіне студзеня стала вядома, што ў памілаванні ёй адмовілі. Хоць яшчэ ў пачатку лета Аляксандр Лукашэнка дапускаў, што расіянку могуць перадаць у РФ: "Шкада дзяўчынку. Трэба пытанне гэтае вырашаць". Але так і не адважыўся на гэты крок.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі