Тысячы кіламетраў без сну: кіроўца-беларус пра няўдалы досвед працы ў Польшчы

Праца мары / instore.market
Праца мары / instore.market

"Цябе не лічаць ні за чалавека, ні за кога. Проста павінен націснуць на педаль і ні пра што не гаварыць", — дзеліцца ўспамінамі пра ўзаемаадносіны з былым кіраўніцтвам кіроўца Дзмітрый (імя змененае), які месяц прапрацаваў у польскай кампаніі па грузаперавозках на машынах да 3,5 тоны.

Пасля вяртання з рэйса па Еўропе хлопцу заплацілі толькі траціну ад абяцанай сумы. З працы ён сышоў, але вырашыў апублікаваць сваю гісторыю, каб іншыя беларусы не паўтаралі яго памылак.

"Калі нашы людзі прыязджаюць у Польшчу і ім трэба атрымаць дакументы, зняць кватэру і на нешта жыць, можна пагадзіцца на любую працу, нават калі разумееш, што цябе працаўладкоўваюць не зусім па правілах. А ўжо калі працадаўца афармляе запрашэнне і дапамагае з легалізацыяй у новай краіне — і пагатоў", — пачынае свой расказ суразмоўца Еўрарадыё.

 

"Усякае абурэнне можа адбіцца на заробку"

Дзмітрый расказвае пра працэдуру працаўладкавання і працэс сваёй працы:

"Наймаецца чалавек. Быццам бы афіцыйна афармляецца, але, зразумела, на мінімальную стаўку ў "брута" або, як мяне аформілі, наогул на паўстаўкі. Зразумела, што гэта робіцца для ўхілення ад падаткаў. Чалавека адпраўляюць на машыне ў рэйс, гэта звычайна на месяц, хоць дазволена ездзіць не больш за тры тыдні па Еўропе. Каб у выпадку чаго не было праблем, кіроўцу выдаюцца фіктыўныя даведкі аб тым, што нібыта быў у адпачынках. Такім чынам у часе праверкі ён зможа даказаць, што прыступіў да працы нядаўна.

У рэйсе цябе суправаджае экспедытар, які дае заказы. Кажа, дзе загружацца і разгружацца, кіламетраж, час даставак і гэтак далей. Да пункта можа быць некалькі тысяч кіламетраў, якія кіроўца павінен пераадольваць без сну і без адпачынку".

Дзмітрый не сцвярджае, што ў Польшчы так працуюць усе фірмы па грузаперавозках, але сам сутыкнуўся менавіта з такой схемай, а па інфармацыі Еўрарадыё, не ён адзін. Пры гэтым, па словах апытаных, такой канторы сапраўды ўсё роўна — будзеш ты адпачываць ці не. Табе кажуць, што ты павінен праехаць пэўную колькасць кіламетраў да вызначанага часу. Калі кіроўца пачынае нагадваць пра свае правы, як мінімум на адпачынак, пасля ўсякае абурэнне можа адбіцца на заробку.

"Калі кіроўцы вяртаюцца на базу, ім пачынаюць прад'яўляць штрафныя санкцыі, — працягвае Дзмітрый. — Асабліва пасля прэтэнзій, маўляў, вы з намі па-свінску сябе паводзіце, мы так не можам працаваць і будзем звальняцца.

З абяцанага могуць адняць траціну, палову, а то і наогул нічога не заплаціць. Можна яшчэ застацца вінным, калі, крый божа, трапіў у нейкую аварыю — гэта называецца "пашкоджанне маёмасці наймальніка". А пашкодзіць машыну вельмі проста, асабліва калі едзеш тысячы кіламетраў без сну. Дый самі машыны на фірме "не першай свежасці".

Тысячи километров без сна: водитель-белорус о неудачном опыте работы в Польше
Праца без адпачынку / kartinkin.net

"Палякі ў такіх кампаніях не працуюць"

Па словах суразмоўцы Еўрарадыё, у сферы грузаперавозак ёсць вельмі шмат абмежаванняў і патрабаванняў, якія ў такіх вось кампаніях проста ігнаруюцца. У працадаўцаў знаходзяцца нейкія пралазы, каб іх абыходзіць, што пасля адбіваецца на бяспецы кіроўцаў і росце аварыйных сітуацый.

І тут ёсць пытанні да афіцыйных польскіх органаў — аўтаінспекцыі або "ўжондаў", якія пры прыёме на працу выдаюць кіроўцам дакументы на падставе дамовы аб найманні, дзе пазначана, што кіроўца прымаецца на паўстаўкі. Кожнаму зразумела, што кіроўца-міжнароднік не можа працаваць чатыры гадзіны ў дзень, але ўсё роўна дакументы праходзяць і ўзгадняюцца.

"Палякі ў такіх кампаніях не працуюць, выключаючы кіраўніцтва. У асноўным — украінцы і беларусы. Самае непрыемнае, што беларусы сустракаюцца і сярод менеджараў: абяцаюць адно, а на справе атрымліваецца зусім іншае. Яны ўсё выдатна разумеюць, але пры асабістых зносінах кажуць: "Так, вось такія справы. Хочаш — працуй, не хочаш — сыходзь", — падсумоўвае Дзмітрый.

 

Суд, на які можна раскашэліцца, але прайграць

Спецыялістка ў сферы легалізацыі знаходжання іншаземцаў у Польшчы Анастасія Баравікова нагадвае: перш чым падпісваць любую дамову аб працаўладкаванні, уважліва чытайце кожны яе пункт.

Тысячи километров без сна: водитель-белорус о неудачном опыте работы в Польше

"У такіх выпадках правільна патрабаваць у працадаўцы афармлення па дамове на поўную стаўку, — каментуе спецыялістка гісторыю Дзмітрыя. — Калі ён не згаджаецца — шукаць іншага. Што б вам ні абяцалі. Усё, што датычыцца адпачынку ў часе паездак, павінна быць прапісана ў дамове. Калі такой інфармацыі няма, даказаць нешта будзе складана. Калі ў кіроўцы мэта дамагчыся праўды, то тут — толькі праз суд.

Для пачатку можна звярнуцца ў працоўную інспекцыю і паглядзець, як адрэагуюць там. Натуральна, пачнуцца праверкі па працадаўцу. У выпадку парушэнняў яго прымусяць заплаціць штраф. Калі хочацца адстаяць свае правы — яшчэ раз, толькі праз суд.

Наймаецца адвакат, які збірае ўсе неабходныя дакументы. Таксама наймаецца перакладчык. Уся гэтая працэдура нятанная. Такія выпадкі — не рэдкасць, не толькі ў сферы грузаперавозак. Можна заплаціць шмат грошай і нічога не дамагчыся.

На маёй практыцы быў толькі адзін паспяховы кейс. Чалавек проста пайшоў на прынцып. Ён выйграў свае тры тысячы злотых, але сам выдаткаваў больш за дваццаць. Так што тут галоўная парада — разбірацца ў нюансах адразу. Калі дамова складзена не так, як трэба, да яе можна аформіць дадатковае пагадненне. Калі працадаўца не ідзе насустрач, проста не звязвайцеся з ім".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі