Тысячы чалавек пратэставалі ў Празе супраць падтрымкі Украіны? Усё не зусім так

У часе пратэстаў у Празе / MARTIN DIVISEK/EPA-EFE/Shutterst​
У часе пратэстаў у Празе / MARTIN DIVISEK/EPA-EFE/Shutterst​

Шматтысячная акцыя пратэсту прайшла 3 верасня ў чэшскай сталіцы Празе. "Удзельнікі мітынгу выступілі супраць падтрымкі Украіны", — пісалі адначасова і расійскія... і ўкраінскія СМІ.

Няўжо мітынг сапраўды праходзіў пад лозунгамі адмовы ад падтрымкі Украіны? Еўрарадыё вывучыла, што чэшскія СМІ пісалі пра акцыю.

 

Супраць чаго пратэставалі людзі

Галоўнай падставай выйсці для многіх удзельнікаў стаў прыкметны рост цэн на прадукты і энерганосьбіты.

"Мэта нашай дэманстрацыі — запатрабаваць перамен, галоўным чынам у вырашэнні праблемы цэн на энерганосьбіты, асабліва на электраэнергію і газ, якія гэтай восенню абрынуць нашу эканоміку", — заяўляў суарганізатар мерапрыемства Іржы Гавэл.

Тысячи человек протестовали в Праге против поддержки Украины? Всё не совсем так
Пратэсты ў Празе / AP

Як піша iDNES (дый іншыя чэшскія выданні), галоўнае патрабаванне пратэстоўцаў — адстаўка ўрада, які не спраўляецца. Мяркуючы з усяго, няўдачамі ў эканоміцы карыстаецца апазіцыя, таму сярод арганізатараў мітынгаў былі як камуністы, так і партыя экс-прэм'ера Андрэя Бабіша і рух "Трыкалор", які падтрымлівае канцэпцыю супрацоўніцтва з Расіяй. Аднак для ўдзельнікаў акцыі гэта было далёка не галоўнай тэмай.

Пра гэта напісаў і прадпрымальнік-мецэнат Карэл Янэчак, які таксама браў удзел у акцыях. Паводле яго слоў, "неабходна ўсвядоміць, што цяперашняя ўлада не вінаватая ні ў вайне ва Украіне, ні ў сусветнай кавіднай істэрыі, ні ў дрэнным і папулісцкім фінансавым кіраванні папярэдняй улады".

"Аднак яна нясе поўную адказнасць за празмерную пасіўнасць і адсутнасць канцэнтрацыі ў вырашэнні цяперашняга энергетычнага крызісу", — так расказаў пра прычыны незадаволенасці Янэчак.

Палітолаг Ян Чарват адзначыў, што ўдзел у пратэстах узялі людзі з розных сацыяльных слаёў і з рознай матывацыяй, што ёсць унікальнай для чэшскай палітыкі сітуацыяй. Сапраўды, удзельнічалі ў пратэстах розныя людзі, большасць калі і брала нешта з сабой, то нацыянальны сцяг, а так можна было сустрэць плакаты і пра цэны, і пра экалогію, і пра нежаданне заставацца ў НАТА.

Пра "прарасійскасць" акцыі многія даведаліся ўжо пасля яе заканчэння.

"Яны [арганізатары акцыі. — Еўрарадыё] заклікаюць да капітуляцыі вольнага свету перад ваенным злачынцам Пуціным. І адразу дадам: мы ўжо сёння ведаем, што шмат хто з дэманстрантаў нічога падобнага не прасіў, яны былі ашуканыя арганізатарамі. Усе ўдзельнікі не былі прарасійскімі, яны не просяць, каб Чэхія стала пятай калонай Масквы",піша Марцін Фендрых на адным з самых папулярных парталаў краіны aktualne.cz.

 

Арганізатары цягнуць коўдру

Пра "прарасійскую" акцыю заявіў і чэшскі прэм'ер Пітэр Фіяла. Аднак гэтыя словы потым раскрытыкавалі яго ж прыхільнікі. Многія палічылі важным падзяліць саміх пратэстоўцаў і арганізатараў мітынгу, сярод якіх былі прадстаўнікі маргінальных рухаў.

Тысячи человек протестовали в Праге против поддержки Украины? Всё не совсем так
Пратэсты ў Празе / AP

Напрыклад, сярод арганізатараў была ініцыятыва Chcípl pes, якая з'явілася ў часе пандэміі і змагаецца супраць вакцынацыі і антыкавідных абмежаванняў. Тамсама — уладальнік некалькіх піцэрый і блогер Ладзіслаў Урабель, які спачатку змагаўся супраць ісламу, потым — супраць лакдаўну і прышчэпак, а цяпер — супраць "адмены ўсяго рускага".

Лідарка руху "Трыкалор" Зузана Маерава не настолькі маргінальная, але не хавае павагі да Пуціна, заклікае быць "рэалістамі" ў пытаннях гандлю газам і падтрымлівае такіх еўрапейскіх палітыкаў, як Віктар Орбан.

"Цяжкавагавік" сярод арганізатараў — былы прэм'ер Андрэй Бабіш.

"Бабіш хлусіць пра тое, што ўрад нічога не робіць, што аддае прыярытэт украінскім уцекачам. Ён прапануе спыніць адпраўку зброі ва Украіну і непакоіць грамадзян на сваіх "кватэрных" сустрэчах", — тлумачыць Фендрых і зноў паўтарае думку пра тое, што важна адрозніваць матывы арганізатараў і жаданні тых тысяч чалавек, якія выйшлі на вуліцы Прагі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі