Трыбунал над Лукашэнкам будзе створаны — Латушка пра рэзалюцыю Еўрапарламента

Аляксандр Лукашэнка: думкі пра будучыню / kommersant.ru

Намеснік кіраўніка Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка пракаментаваў рэзалюцыю Еўрапейскага парламента, якая заклікае да спецыяльнага міжнароднага трыбунала над Аляксандрам Лукашэнкам і Уладзімірам Пуціным, над ваенным і палітычным кіраўніцтвам Беларусі і Расіі за ўдзел у ваенных злачынствах супраць Украіны.

"Мы вітаем прынятую сёння рэзалюцыю Еўрапарламента, кажа Латушка. — ...Зараз ідуць актыўныя кансультацыі на ўзроўні міністраў юстыцыі шэрагу еўрапейскіх краін аб крымінальнай адказнасці асобаў, вінаватых у агрэсіі супраць Украіны".

Палітык нагадвае, што на працягу некалькіх месяцаў беларускія дэмсілы "паслядоўна прасоўвалі дадзены тэзіс". Наступнай задачай будзе "дабіцца таго, каб у юрысдыкцыю гэтага міжнароднага трыбуналу было ўключана прозвішча Лукашэнкі і прадстаўнікоў яго хунты". "Мы перакананы, што міжнародны трыбунал будзе створаны, а Лукашэнка і яго хаўруснікі будуць прыцягнуты да крымінальнай адказнасці", — падкрэслівае Павел Латушка.

Рэзалюцыя Еўрапарламента не мае абавязковай юрыдычнай сілы. Але гэтая тэма актыўна абмяркоўваецца ў ЕС з 2022 года.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.