Вы тут

Траўматолагі былі на перадавой у 2020-м: з чым звязана новая "справа медыкаў"

Фота носіць ілюстрацыйны характар / Еўрарадыё

У Беларусі масава затрымліваюць артапедаў-траўматолагаў. Паводле СМІ, на 29 сакавіка было затрымана каля 50 спецыялістаў, сярод якіх дактары і загадчыкі аддзяленняў. Арышты працягваюцца. Па інфармацыі Еўрарадыё, усе затрыманыя знаходзяцца ў СІЗА КДБ.

"Забралі некалькі дзён таму. У доме быў ператрус. Нічога не знайшлі. Да нейкіх закупак наш сваяк не мае ніякага дачынення. Ён рэдкі спецыяліст, хірург, у якога аперацыі распісаныя на год наперад", — расказалі Еўрарадыё ў сям'і аднаго з затрыманых.

Афіцыйнага каментара, з чым звязаная такая зацікаўленасць траўматолагамі ў праваахоўных органаў, няма. Па адной з версій, медыкам шыюць справу аб хабарах. Па іншай — справа можа быць у пратэзаванні суставаў. Маўляў, на складах — мільёны адзінак пратэрмінаванай прадукцыі, паколькі папулярныя памеры хутка разыходзяцца, а малазапатрабаваныя становяцца "неліквідам" са скончаным тэрмінам прыдатнасці. Трэцяя версія — закупкі. Нібыта цэнтралізаваныя дзяржзакупкі пратэзаў не праводзіліся ў патрэбных аб'ёмах, адсюль — вялікія чэргі на бясплатныя аперацыі і прапановы рабіць аперацыі платныя за сродкі з кішэні пацыентаў, што стварала глебу для карупцыі. 

Але, лічыць доктар, які пагадзіўся пагаварыць з Еўрарадыё на ўмовах ананімнасці, версія з дзяржзакупкамі малаімаверная.

"Напрыклад, у абласной мінскай бальніцы арыштавалі шэсць траўматолагаў. З іх ніхто не меў ніякага дачынення да закупак. Тут можна дапусціць варыянт толькі нейкага лабіравання з боку хірургаў закупак пратэзаў і матэрыялаў. Таму што калі б гэта былі закупкі, то гэта справа была б чымсьці падобная з 2018 годам, калі пайшлі арышты. Тады арыштоўвалі не толькі людзей, якія займалі дастаткова высокія пасады, але і загадчыкаў аддзяленняў. Я думаў, што тут тое самае. Але зыходзячы з таго, што цяперашнія арыштаваныя людзі не мелі ніякага дачынення да закупак, у мяне не складваецца карцінка таго, што адбылося", — кажа суразмоўца Еўрарадыё.

Доктар не выключае, што цяперашняя справа медыкаў — палітычная. Якраз траўматолагі былі на перадавой, калі ў 2020 годзе ўлады разганялі пратэсты гумовымі кулямі і святлошумавымі гранатамі:

"Яны займаліся лячэннем, афармлялі медыцынскую дакументацыю, можа, не так, як хацелася б камусьці іншаму. Гэты варыянт магчымы. Але тады, па ідэі, павінны былі "ўдарыць" не толькі па траўматолагах, але і па многіх спецыялістах. Тыя самыя афтальмолагі — гэта траўма вока, лоры — траўма лор-органаў, хірургі, якія займаліся непасрэдна пацыентамі. Але чаму траўматолагі? Пакуль я не магу зразумець".

"Тое, што забралі ўсіх, гэта добра, — кажа сваяк аднаго з затрыманых. — Гэта значыць, што іх хутка выпусцяць. Не можа ж краіна быць без траўматолагаў".

Еўрарадыё просіць адгукнуцца пацыентаў, у якіх праз затрыманне лекараў адкладзены планавыя аперацыі. Пісаць можна нам на пошту: [email protected]

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.