Тарас Цялькоўскі, які прабег 500 кіламетраў: Наступным разам прабягу тысячу

Тарас Цялькоўскі, які прабег 500 кіламетраў: Наступным разам прабягу тысячу

Тарас Цялькоўскі — малады пастар евангельскай царквы, які за пяць дзён прабег 500 кіламетраў: па сотцы за дзень. За час прабегу нага ў Тараса павялічылася на 1,5 памеру, пакуль ён павольна ходзіць, але збіраецца зноў бегаць ужо праз некалькі дзён. Пра ультрамарафон, спорт і ролю Скарыны ў нашай гісторыі, размаўляем у студыі Еўрарадыё.

Глядзець відэа цалкам можна тут:

 

Прапануем цытаты з размовы:

 “Я не хацеў атрымаць нейкія грошы, нейкія рэчы. Я хацеў данесці пасланне, бо я вельмі натхнёны гэтай кнігай і гатовы рабіць вар’яцкія рэчы”.

Пра наступствы для арганізму

“Нейкіх незваротных працэсаў у арганізме няма. Запаліліся суставы з-за празмернай стомы, трэба некалькі дзён, трэба схадзіць у лазню, у басейн. Зойме пару дзён, каб вярнуцца ў нармальны рытм”.

“Пасля кожнага дня закідваў лёд у ванну, апускаў туды стопы і калені, каб зняць запаленчы працэс, бо ўсё пачынала раздувацца. Частка ўзнаўлення — гэта быў масаж лёдам, пасля звычайны масаж, пасля ўжо нармальнае харчаванне і сон”.

“Калі бегаў, ступня павялічылася на 1,5 памеру, даводзілася мяняць абутак”.

Пра трэніроўкі

“Калі ты хочаш выжыць у Серабранцы, то трэба пачынаць бегаць рана. Там бегаюць дзеці з двух гадоў. Але калі казаць сур’ёзна, то я пачаў займацца лёгкай атлетыкай у шостым класе”.

“У мяне трэніраванае сэрца, да ультрамарафона я нядоўга рыхтаваўся, нейкай грунтоўнай падрыхтоўкі не было”.

Пра Скарыну і Біблію

“Я пастар евангельскай царквы. Калі Скарына 500 гадоў таму перакладаў Біблію на беларускую мову, ён хацеў данесці гэтае пасланне да простых людзей, каб яны маглі прачытаць гэта на даступнай ім мове. Гэта не быў нейкі літаратурны праект. Праз 500 гадоў мяне натхніў Скарына, я хацеў данесці ідэю, каб беларус узяў у рукі гэтую кнігу і пачаў жыць па божай літасці”.

Пра падабенства з Форэстам Гампам

“Мне вельмі падабаецца гэты фільм. Там такі шчыры хлопец, прастадушны. Няма нейкага двудушша. Спадзяюся, што я падобны на яго вось у гэтых характарыстыках”.

Пра падтрымку

“З раніцы чалавек 50-60 прыходзіла мяне падтрымаць. З самага старту далучаліся па 5-10 бегуноў. Цягам дня было ад аднаго да дзесяці бегуноў. Таму ўвесь час было нейкае суправаджэнне. Ілля Арзамасаў са мной прабег спачатку 42 кіламетры, пасля яшчэ 50 кіламетраў на наступны дзень”.

Пра новыя ідэі

“Ёсць ідэя, прабегчы не 500 кіламетраў, а 1000 і зрабіць гэта не за пяць дзён, а менш. Пакуль няма ідэі, чаму прысвяціць гэта. Мне можна раіць, прапаноўваць”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі