Вы тут

Таццяна Гацура-Яворская стала фігурантам крымінальнай справы

Таццяна Гацура-Яворская / Еўрарадыё

Праваабаронца і дырэктар грамадзкага аб'яднаньня "Звяно" Тацяна Гацура-Яворская затрыманая як падазраваная ў крымінальнай справе, паведамляе БелаПАН са спасылкай на яе мужа Уладзіміра Яворскага.

Актывістак "Звяна" затрымалі 6 красавіка. 8 красавіка адбыліся адміністрацыйныя суды. Затрыманых прызналі вінаватымі ў непадпарадкаванні супрацоўнікам праваахоўных органаў. Адну адпусцілі са штрафам, яшчэ траіх пакаралі арыштам на сем сутак. Таццяну Гацуру-Яворскую таксама аштрафавалі на 50 базавых велічынь, але не адпусцілі.

"Мы чакалі каля ізалятара, што яе адпусцяць, але ў выніку адвакат сказала, што Таццяна затрыманая па крымінальнай справе", — распавёў муж праваабаронцы. Па якім артыкуле КК распачата справа, і ў чым менавіта падазраюць Таццяну, ён не ведае.

Ператрус у офісе і дома ў Гацуры-Яворскай прайшоў 6 красавіка. У дакументах, якія паказалі Яворскім, было напісана, што следчыя дзеянні праводзяцца ў рамках расследавання крымінальнай справы аб масавых беспарадках. Па словах Уладзіміра, у пастанове на ператрус была пазначана ч. 3 арт. 293 Крымінальнага кодэксу (навучаньне ці іншая падрыхтоўка асоб для ўдзелу ў масавых беспарадках).

Пасля ператрусу Таццяну, а таксама яшчэ некалькіх актывістак "Звяна" затрымалі і змясцілі ў ІЧУ на Акрэсціна.

Таццяна Гацура-Яворская была адным з арганізатараў выставы "Машына дыхае, а я — не". Выстава была прысвечана беларускім медыкам, якія вымушаныя змагацца з каранавірусам і палітызацыяй сістэмы аховы здароўя. Экспазіцыя адкрылася 30 сакавіка, а ўжо 1 красавіка на выставу прыйшлі прадстаўнікі санстанцыі і МНС, знайшлі парушэнні і загадалі закрыць памяшканне да ліквідацыі ўсіх заўваг. У ноч на 6 красавіка арганізатары паведамілі аб датэрміновым закрыцці праекта.

"Сваім праектам мы хацелі б стварыць прастору для абмеркавання гэтых падзей, рэфлексіі і дыскусіі, а таксама выказаць падзяку ўсім медыцынскім работнікам за іх гераізм",распавядала яшчэ да ўсіх гэтых падзей у інтэрв'ю Еўрарадыё каардынатар праекта, яшчэ адна затрыманая актывістка "Звяна" Наталля Трэніна.

У рамках выставы было запланавана і адукацыйная праграма. Меркаваліся дыскусіі, адкрытыя інтэрв'ю, кінапаказы, экскурсіі, а таксама сустрэчы з медыкамі, сацыёлагамі, журналістамі і філосафамі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.