Сёстрам-удзельніцам пратэстаў "хатнюю хімію" замянілі на калонію

Сёстрам-удзельніцам пратэстаў "хатнюю хімію" замянілі на калонію

Двум сёстрам-удзельніцам пратэстаў у Гродне "хатнюю хімію" замянілі на калонію. Ранейшы прысуд суда Ленінскага раёна абласнога цэнтра апратэставала пракуратура. За ўдзел у вулічнай акцыі ў Гродне ў верасні 2020-га жанчын летась асудзілі на 3 і 3,5 года абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. Пракурор вырашыў, што суд не ўлічыў знаходжання сясцёр у "счэпцы", а значыць яны "ўступалі ў супрацьборства" з міліцыяй. Таксама ён адзначыў, што адна з жанчын абражала міліцыянераў, а іншая ўдарыла сілавіка ў твар.

Па пратэсце намесніка генпракурора Вярхоўны суд накіраваў крымінальную справу на новы апеляцыйны разгляд у Гродзенскі абласны суд. Апошні прызначыў гродзенкам пазбаўленне волі — 2 гады і 2 гады 6 месяцаў.

Як піша Радыё Свабода, імаверна гаворка ідзе пра сясцёр Жанну Захаркевіч і Надзею Сцепанцову. Яны былі вымушаны пакінуць Беларусь праз некаторы час пасля абвяшчэння ранейшага прысуду (у сакавіку 2021-га). Атрымліваецца, што пракуратура паведаміла пра завочны суд.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі