Вы тут

Synesis, які трапіў пад санкцыі ЕС, звязаны з Алексіным і Шэйманам

Аляксандр Шатроў (у акулярах) падчас азнаямленчай паездкі ў КНДР / facebook.com/alexshatrov

Сярод беларускіх кампаній, якія трапілі пад санкцыі Еўрасаюза, Synesis займае асаблівае месца. IT-кампанія, рэзідэнт Парка высокіх тэхналогій, яна стварыла платформу відэаназірання Kipod. ЕС мяркуе, што з дапамогай гэтай платформы сілавікі вылічаюць удзельнікаў пратэстаў у Беларусі.

Аднак Synesis звязаны з беларускім рэжымам значна больш цесна, чым проста як распрацоўшчык сістэмы відэаназірання на службе МУС. Еўрарадыё выявіла, што да кампаніі мае непасрэднае дачыненне бізнесмен, блізкі да Лукашэнкі.
 

Дым цыгарэт

Калі гаворка заходзіць пра кампанію ТАА "Сінезіс", звычайна згадваюцца трое яе ўладальнікаў: браты Аляксандр і Пётр Шатровы, а таксама Мікалай Пціцын. Але ім належыць не ўся кампанія. Крыху больш як 25% долі ў суме валодаюць Іна Алексіна (0,06%) і кампанія "Энерга-Оіл-Інвест" (24,99%).

Кампаніяй "Энерга-Оіл-Інвест", у сваю чаргу, валодаюць Іна і Аляксей Алексіны. Так-так, той самы Аляксей Алексін — бізнесмен, блізкі да Лукашэнкі, якога ў народзе называюць табакерачным баронам.

Схема сувязяў сям'і Алексіных з Synesis і Кіраўніцтвам справамі прэзідэнта

Гэта не адзіная юрыдычная асоба ў групе кампаній Synesis, звязаная з парай Алексіных.
 

Ад нафты і газу — да IT

У 2018 годзе ў Беларусі з'явіўся нацыянальны аператар маніторынгу транзітных перавозак. Для новага кірунку працы стварылі гандлёвую марку — "БНГарант", якая належыць ТДА "Белнафтагаз". Трыма гадамі раней пастановай урада кампанія "Белнафтагаз" стала нацыянальным гарантам забеспячэння выплаты мытных пошлін і падаткаў.

ТДА "Белнафтагаз" вядомая як аператар аптовага гандлю нафтапрадуктамі і бенефіцыярны ўладальнік ЗАТ "МТБанк". 40% долі кампаніі валодае Іна Алексіна, астатнімі 60% — яе муж Аляксей Алексін. Пра гэта сказана на сайце банка ў раздзеле акцыянераў.

Акцыянеры МТБанка — сям'я Алексіных

У тым самым 2018 годзе была зарэгістраваная новая "дачка" кампаніі Synesis — ТАА "Сінезіс Стыгма", створаная адмыслова для работы над сістэмай маніторынгу міжнародных транзітных перавозак. Кампанія распрацавала ўласную платформу для электроннага пламбавання фур і кантролю стану і месцазнаходжання транзітных грузаў.

Пціцын і браты Шатровы разам валодаюць 25% долі "Сінезіс Стыгма". Астатнія 75% — у кампаніі "Белнафтагаз", якой, нагадаем, валодаюць Аляксей і Іна Алексіны.

Уласнікі кампаніі ТАА "Сінезіс Стыгма" / Еўрарадыё

Алексін і іншыя

Аляксей Алексін адзін час знаходзіўся на дзяржслужбе — быў галоўным спецыялістам дэпартамента энергарэсурсаў і нафтапрадуктаў кампаніі "Белзнешгандальінвест", якая ўваходзіць у Кіраўніцтва справамі прэзідэнта, якім кіруе Віктар Шэйман. Пасля ён працаваў у асяроддзі набліжанага да Лукашэнкі бізнесмена Юрыя Чыжа, дзе, як лічыцца, курыраваў аптовы гандаль нафтапрадуктамі.

У 2012 годзе, неўзабаве пасля ўвядзення супраць Юрыя Чыжа санкцый з боку Еўрасаюза, увесь яго бізнес па рэалізацыі нафтапрадуктаў у Еўропе перавандраваў да Аляксея Алексіна. Гэтым сталі займацца кампаніі "Энерга-Оіл", "Белнафтагаз" і "Неанафта". Можна сказаць, што Алексін з часам замяніў Юрыя Чыжа ў пуле набліжаных да ўлады бізнесменаў.

Аляксей Алексін разам з яшчэ двума блізкімі да Лукашэнкі бізнесменамі — Аляксандрам Зайцавым і Мікалаем Вараб'ём, які трапіў у трэці пакет санкцый Еўрасаюза, — валодае кампаніяй "Брэміна Груп", якая рэалізуе буйныя праекты па будаўніцтве інфраструктуры для міжнароднага гандлю, а таксама з'яўляецца нацыянальным лагістычны аператарам.
 

А латарэйны білецік не хочаце?

Яшчэ адзін праект Synesis — распрацоўка праграмнага комплексу для правядзення імгненнай анлайн-латарэі BelBet. Для суправаджэння праекта ў лютым 2020 года была створана асобная кампанія — ТАА "Сінезіс Лато". Кампаніяй валодаюць Мікалай Пціцын і Аляксандр Шатроў.

Платформа для імгненных анлайн-латарэй BelBet

У Беларусі выключнае права на латарэі належыць дзяржаве. Выпуск латарэй дазволены выключна дзяржаўным ведамствам і юрыдычным асобам. BelBet — гэта праект нацыянальнага аператара "Беларускія латарэі", якім валодае... Кіраўніцтва справамі прэзідэнта. Гэта самы буйны гулец латарэйнага бізнесу ў Беларусі. Кампанія праводзіць 22 латарэі з 29 і фактычна ахоплівае амаль усе сферы гэтага выгаднага бізнесу — ад імгненных латарэй да тыражных.
 

Санкцыйны бар'ер

Санкцыі, уведзеныя супраць Synesis, вымусілі кампанію пачаць дзейнічаць. 18 снежня яна абвясціла пра намер абскардзіць рашэнне Еўрасаюза ў судзе. У кампаніі яго лічаць глыбока памылковым і заснаваным на няправільным разуменні работы тэхналогіі распазнавання асоб.

Верасень 2019 года, Synesis абвяшчае, што плануе выходзіць на рынак ЗША са сваёй платформай Kipod

Хочаш дапамагчы незалежнай журналістыцы? Стань падпісчыкам на Patreon

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.