Сыходзяць або надоўга, або назусім: Ярашук супраць разрыву Yara і Беларуськалія

За каго "ваюе" БКДП? / lider-press.by
За каго "ваюе" БКДП? / lider-press.by

Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў выказаўся супраць разрыву кантракта нарвежскай кампаніі Yara з ААТ "Беларуськалій". Прафсаюзныя функцыянеры лічаць прэтэнзіі да нарвежскай кампаніі незаслужанымі і патрабуюць "неадкладна спыніць "паляванне на ведзьмаў", цкаванне Yara International, маніпуляцыі грамадскай думкай, уцягванне ў кампанію па яе дыскрэдытацыі грамадзян краіны і замежных дыяспар".

У сацыяльных сетках пачалося бурнае абмеркаванне дакумента. Адны каментатары сумняваюцца ў тым, што Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў выказвае сваю незалежную пазіцыю. Іншыя адзначаюць, што тон, у якім напісана заява выканкама БКДП, і зусім нагадвае беларускую прапаганду. Хоць самі прафсаюзнікі абвінавачваюць у прапагандысцкіх заявах сваіх праціўнікаў:

"Шальмаванне кампаніі [Yara], аднясенне яе да ліку памагатых кіраўнічага беларускага рэжыму, якія фінансуюць яго, не толькі не адпавядаюць рэчаіснасці, але і пераходзяць межы дазволенага. Чым бы яны ні былі выкліканыя, недамысленасцю або недастатковым разуменнем сітуацыі, ім няма апраўданняў. Яны нагадваюць сваёй агіднасцю найгоршыя ўзоры афіцыйнай беларускай прапаганды".

Дакумент, фармальна прыняты "ў падтрымку Yara", дэ факта змяшчае шэраг абвінавачанняў у адрас тых, хто настойвае на разрыве адносін паміж нарвежскай і беларускай кампаніямі. У падобным тоне на патрабаванні да Yara разарваць адносіны з "Беларуськаліем" рэагуе "Беларусь 1":

"Але хіба дарма беларускія грамадзянкі з альтэрнатыўным мысленнем паміж Варшавай і Вільняй разрываюцца? І вось спроба нумар два разарваць кантракт "Беларуськалія" з кампаніяй Yara. Довады там розныя, але ўсе вакол парушэння правоў нібыта забастоўшчыкаў. Проста для даведкі адзначу, што правілы забастоўкі — гэта патрабаванні да ўмоў працы і ніякіх палітычных прэтэнзій. Гэта значыць, фармальна там планавалася не зусім забастоўка, а, хутчэй, звычайны сабатаж".

Чаму БКДП выступіў з такой заявай?

Старшыня Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандр Ярашук лічыць: калі нарвежцы сыдуць з Беларусі, то могуць вярнуцца не хутка, а то і не вернуцца зусім. Каму ад гэтага будзе горш?

— Гэта ж рынак. Тут так не працуе: сёння штэпсель з разеткі дастаў, заўтра ўваткнуў — і электрычнасць зноў пабегла. Сыходзяць або назусім, або надоўга.

На беларускім рынку працуе дзевяць калійных кампаній — кітайскія, індыйскія, бразільскія і гэтак далей. Ім ніхто ніякіх пытанняў не ставіць. І адзіная сацыяльна адказная кампанія Yara, якая паставіла пытанне пра правы рабочых, раптам ператварылася ў мішэнь, — расказвае Еўрарадыё Ярашук.

“Уходят или надолго, или насовсем”: Ярошук против разрыва Yara и “Беларуськалия”
Аляксандр Ярашук / Еўрарадыё

Yara — адзін з буйных пакупнікоў беларускіх калійных угнаенняў. Кампанія выказала заклапочанасць становішчам рабочых "Беларуськалія" пасля падзей жніўня 2020-га.

Салігорскія пратэстоўцы звярнуліся да нарвежцаў з просьбай перагледзець далейшыя дзелавыя адносіны з беларускім заводам. Петыцыя з гэтым заклікам сабрала больш за 55 тысяч подпісаў.

Таксама за спыненне дзелавых адносін паміж кампаніямі выступіла кандыдатка ў прэзідэнты Беларусі Святлана Ціханоўская. Яе каманда прапануе ўвесці санкцыі супраць "Беларуськалія", аж да скасавання дамовы ў аднабаковым парадку. Наконт сітуацыі з Yara выказаўся і лідар НАУ Павел Латушка.

— Найбуйнейшая нарвежская кампанія, у якой ёсць этычны кодэкс, які забараняе супрацоўнічаць з прадпрыемствамі, на якіх парушаюць правы чалавека, працягвае працаваць з "Беларуськаліем". Узнікае пытанне да Yara: ці сапраўды яны гатовыя змірыцца з тым, што ў Беларусі збіваюць і рэпрэсуюць іх калег па працы? Ці сапраўды яны гатовыя змірыцца з тым, што купляюць калійныя ўгнаенні, на якіх ужо ёсць кроплі крыві? — так абазначыў сваю пазіцыю экс-міністр культуры.

“Уходят или надолго, или насовсем”: Ярошук против разрыва Yara и “Беларуськалия”
Святлана Ціханоўская і Павел Латушка

Пасля пачатку палітычнага крызісу ў Беларусі прадстаўнікі Yara два разы наведвалі Салігорск, сустракаліся з кіраўніцтвам "Беларуськалія" і з пратэстоўцамі. Але рашэння спыніць адносіны з беларускім прадпрыемствам не прынялі. Магчыма, рэч у тым, што цэны, па якіх беларускае прадпрыемства гатовае пастаўляць угнаенні, выгадныя нарвежцам. Канкурэнты апошнім часам рэгулярна абвінавачваюць Беларусь у дэмпінгу на калійным рынку.

Тым часам няма падстаў меркаваць, што ў Yara дрэнна ўяўляюць сабе стан спраў у Беларусі. Сябра праўлення нарвежскай кампаніі і прадстаўнік інтарэсаў работнікаў Гейр Сундбё (Geir O. Sundbø) яшчэ ў студзені апублікаваў твіт з чырвона-белай формай амстэрдамскага "Аякса".

"Калі вы хварэеце за "Аякс" (ці іншую каманду з падобнымі колерамі) і надзенеце яе футболку, калі ваша каманда гуляе на выездзе з беларускай камандай, вас арыштуюць за тое, што вы носіце яе на вуліцах Беларусі. Падумайце пра гэта на секунду", — пракаментаваў ён.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі