Вы тут

Сястра Рамана Бандарэнкі — суду: сям'я дазволіла расказаць пра "0 праміле"

Пасяджэнні па справе Кацярыны Барысевіч і Арцёма Сарокіна праходзяць у Доме правасуддзя / Еўрарадыё​

Вольга Кучарэнка, стрыечная сястра Рамана Бандарэнкі, расказала журналістам, пра што збіраецца гаварыць суду на закрытым працэсе па справе журналісткі TUT.BY Кацярыны Барысевіч і лекара Бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі Арцёма Сарокіна. Іх абвінавачваюць у разгалошванні медыцынскай таямніцы. Лекар падзяліўся інфармацыяй, а журналістка яе апублікавала — пра тое, што загінулы пасля затрымання на "Плошчы Перамен" Раман Бандарэнка быў цвярозы. Следчы камітэт і Аляксандр Лукашэнка настойвалі на адваротным і казалі, што ён п'яны.

"Я вельмі спадзяюся, што суд прыме страведлівае рашэнне, асабліва пасля таго, што я збіраюся сказаць. Я збіраюся сказаць, што сапраўды, Кацярына ад мяне атрымлівала афіцыйна дазвол на публікацыю яго лабараторных даследаванняў",сказала Кучарэнка журналістам "Радыё Свабода" да пачатку судовага паседжання і да таго моманту, як дала падпіску аб неразгалошванні. 

Па словах Кучарэнка, Кацярына Барысевіч звязвалася з ёй і па тэлефоне атрымала афіцыйны дазвол на публікацыю гэтай інфармацыі. Сястра Рамана Бандарэнкі таксама расказала, што, калі яе стрыечны брат трапіў у шпіталь з траўмамі, а яго маці, Алену Бандарэнка, пачалі турбаваць журналісты, Алена папрасіла пляменніцу ўзяць на сябе абавязак кантактаваць з прэсай.

"Яшчэ напярэдадні смерці Ромы — калі ён ляжаў у коме ў шпіталі, яна дала мне дазвол быць кантактнай асобай з прэсай — паведамляць аб стане спраў, стане здароўя. І потым, калі Рома памёр, у нас паўтарылася гэтая размова. Днём яе вызвоньвалі журналісты, і яна зразумела, што гэтую ношу не пацягне. Яна яшчэ раз пацвердзіла свае словы — я б табе, Воля, была ўдзячная, калі б ты ўсе кантакты з прэсай падтрымлівала і паведамляла пра тое, што адбывалася з Ромай", — расказала Вольга Кучарэнка.

Яна таксама пацвердзіла, што сям'я, у тым ліку цётка, не хацелі рабіць і не рабілі таямніцы са звестак пра стан і прычыны смерці Рамана Бандарэнкі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.